Ці паляціць Аляксандр Лукашэнка ў Аўстрыю?



Пра тое, што кіраўнік Беларусі атрымаў афіцыйнае запрашэнне ад аўстрыйскіх уладаў, стала вядома ў канцы траўня. 29 чэрвеня, падчас візіту ў Менск аўстрыйскай дэлегацыі на адкрыццё мемарыялу ў Трасцянцы, Лукашэнка пацвердзіў, што такі візіт мае адбыцца ў бліжэйшым часе. Каментуючы такое запрашэнне, адзін з лідараў Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Віталь Рымашэўскі адзначае, што для яго гэта не з’яўляецца навіной:

– Гэта працяг досыць прагматычнай палітыкі Еўразвяза, накіраванай на ўцягванне беларускай улады ў дыялог, супрацу. Я не думаю, што без сістэмных рэформаў магчымы нейкі плён ад магчымых сустрэчаў. Можна з’ездзіць у Астрыю, можна з’ездзіць у Брусель, але ад гэтага не павялічацца ні інвестыцыі, ні падтрымка беларускай эканомікі з боку Еўразвяза альбо асобных краінаў. Бо там людзі досыць разумныя, якія таксама пралічваюць і добра ведаюць сітуацыю, якая ёсць унутры краіны.

Прыгадаем, што ўвосень мінулага года Аляксандр Лукашэнка ўпершыню атрымаў персанальнае запрашэнне прыехаць у Брусель на саміт “Усходняга Партнёрства”. Аднак замест кіраўніка краіны беларускую дэлегацыю на саміце ў лістападзе ачольваў міністр замежных спраў Уладзімір Макей.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя