Ці паставяць кропку ў “справе патрыётаў” да канца восені?



“Улада не будзе распісвацца ў сваіх памылках”, – кажа паэт і адзін з першых беларускіх палітвязняў Славамір Адамовіч.

Нагадаем: затрыманні пачаліся пасля заявы Аляксандра Лукашэнкі 21 сакавіка гэтага года, што ў Беларусі “затрымалі дзясяткі баевікоў”, якія “трэніраваліся ў лагерах са зброяй”. Цягам некалькіх дзён стала вядома пра 35 затрыманых. Спачатку паведамлялася, што справа вядзецца аб “падрыхтоўцы масавых беспарадкаў” (ч.3 арт.293 КК), пазней з’явілася абвінавачанне ў “стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання і ўдзеле ў ім” (арт.287 КК).

Паступова фігуранты справы выйшлі на волю пад падпіску аб нявыездзе, а ў чэрвені справа была перададзена ў Следчы камітэт Беларусі.

Не так даўно старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч заявіў, што “да канца восені ў гэтай справе будзе пастаўлена кропка”. Чакаць засталося не так доўга?..

Славамір Адамовіч: Складана сказаць, ці гатовы ўлады ўжо расставіць кропкі над “і” ў гэтай справе, але, мяркую, не для таго вясной рэжым учыніў чарговы гвалт супраць патрыётаў, каб затым, вельмі мякка кажучы, распісацца ў сваіх памылках.

РР: Не выключаце, што можа быць горшы варыянт развіцця падзей?

Славамір Адамовіч: Так, на мой погляд, трэба чакаць горшага. У любым выпадку будуць прысуды на тых ці іншых падставах. Могуць выкарыстаць фармулёўку, што людзі ўжо адсядзелі пэўныя тэрміны, якія і будуць вынесены ў судовых рашэннях. Але чаго дакладна не будзе, дык гэта выбачэнняў за неправамоцныя дзеянні і матэрыяльных кампенсацый за адабраныя месяцы жыцця.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя