Ці патрэбен Беларусі “Паланез”?
“Калі краіна хоча быць самастойнай, армію неабходна ўзмацняць”, – лічыць былы міністр абароны Беларусі Павел Казлоўскі.
Фота vsr.mil.by
Як паведаміла прэс-служба Міністэрства абароны, на ўзбраенне 336-й рэактыўнай артылерыйскай брыгады Узброеных сіл Беларусі паступіў комплекс рэактыўнай сістэмы залпавага агню „Паланез”, які “дасць магчымасць значна павысіць баявыя магчымасці ракетных войскаў і артылерыі ў прыватнасці і абарончыя магчымасці дзяржавы ў цэлым”.
Павел Казлоўскі: Любая дзяржава, якая мае сваю армію, хоча захаваць самастойнасць і адстойваць яе, павінна мець самую сучасную зброю. Гэта нармальная палітыка, якая пацвярджаецца прыкладамі нават невялікіх краін. Тыя ж літоўцы ды палякі таксама ўзмацняюць свае арміі, таму што гэта неабходнасць, якую дыктуюць час і новыя выклікі. У Беларусі ж уся тэхніка была старая, шмат чаго заставалася яшчэ з савецкіх часоў.
РР: Магчыма, апошнія падзеі ва Украіне таксама прадыктавалі неабходнасць узмацняць армію?
Павел Казлоўскі: Думаю, тут большы ўплыў аказала прасоўванне НАТА. У сувязі з гэтым змяняецца пазіцыі Расеі, а значыцца і Беларусі, бо краіны ж уваходзяць у АДКБ. У той жа час хацелася б адзначыць, што “Паланез” – гэта новая распрацоўка менавіта беларускага ваенна-прамысловага комплекса. І такія падыходы можна толькі вітаць. Як кажуць, на суседа спадзявайся, а сам не спі.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя