Ці патрэбен беларускай апазіцыі адзіны кандыдат?



Экс-старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч лічыць, што ва ўмовах, калі няма справядлівых выбараў, няма патрэбы і ў ў адзіным кандыдаце ад апазіцыі.

Станіслаў Шушкевіч

Беларуская апазіцыя да гэтага часу не вызначылася з “адзіным”, хоць намаганні для гэтага рабіліся і не адзін раз. Што гэтаму перашкаджае?

Станіслаў Шушкевіч: Перашкаджае тое, што мы займаемся працэдурай, якая ў прынцыпе не можа даць ніякага выніку. Абяруць адзінага кандыдата альбо не абяруць?.. Пры тым існуючым выбарчым заканадаўстве, якое ёсць зараз, пры тым фарміраванні выбарчых камісій і метадах падліку галасоў, справядлівых выбараў быць не можа. А значыцца няма каго на іх і прадстаўляць. Гэта абсалютна адназначна, бо найперш трэба змяняць сістэму, а затым ужо шукаць “адзінага”. Але атрымліваецца, што ўсе хочуць быць пры апазіцыйнай справе, а гэта ж нікога не крыўдзіць. Можна маніпуляваць, прасіць сродкі, падтрымку ў розных фондаў… А выніку быць не можа. Я лічу, што ў гэтых умовах шукаць адзінага кандыдата – гэта займацца пустой справай і легітымізаваць уладу.

РР: А як быць з той працай, што ўжо вядзе апазіцыя па абранні “адзінага”?

Станіслаў Шушкевіч: Гэта ўсё абсалютнае глупства! Мы ўжо перажылі ўсе гэтыя працэдуры. Вось абіраюць чалавека, і ён пераўтвараецца зусім у іншага. І пачынае грэсці не на справу, а пад сябе. Праходзілі такое, таму трэба ісці іншым шляхам.

РР: Што вы прапаноўваеце? Як тады аб’яднаць апазіцыю падчас выбараў?

Станіслаў Шушкевіч: А яна не раз’яднаная і няхай вылучае столькі прэтэндэнтаў, колькі захоча. Я не бачу зараз такой адзінай уплывовай асобы, якая б катэгарычна адрознівалася ад усіх астатніх. Ну больш будзе у гэтай асобы на 5-8 галасоў – і што далей? Трэба змагацца за справядлівы выбарчы закон! Калі будуць празрыстыя выбары, то гарантую, што абяруць і прыстойнага кандыдата. Знойдзецца.

РР: Якім чынам і якімі інструментамі можна, як вы кажаце, змагацца за справядлівыя выбары?

Станіслаў Шушкевіч: Не спаць і не збіраць розныя канферэнцыі з непатрэбнымі справамі! А то ўсё вырашаюць, ці трэба абіраць адзінага, калі яго абіраць, выпрацоўваюць методыкі… Пустое! Паўтаруся, у першую чаргу неабходна мабілізаваць намаганні ўсіх на тое, каб былі справядлівыя выбары.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя