Ці патрэбен яшчэ адзін Кангрэс?



«Спаборніцтва амбіцый працягваецца», — кажа старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі Уладзімір Колас.

Правацэнтрысцкія апазіцыйныя сілы (АГП, РУХ «За свабоду» і аргкамітэт па стварэнні партыі БХД) маюць намер правесці напрыканцы гэтага лета яшчэ адзін Беларускі нацыянальны кангрэс. Хоць тыя ж сілы адмовіліся ўдзельнічаць у Кангрэсе, якія прайшоў у сталічным парку Янкі Купалы 15 траўня.

Уладзімір Колас: Я дакладна не ведаю, якія мэты ставіць гэтае мерапрыемства, але, на вялікі жаль, такога кшталту падзеі робяць імідж апазіцыі яшчэ больш непрывабным і паказваюць, у якім стане знаходзяцца нашы дэмакратычныя сілы. Нічога новага гэта не нясе. І няма ніякіх надзей, што адбудзецца кансалідацыя. Нават ілюзій на гэты конт ні ў каго ўжо няма. Таму сур’ёзна ставіцца да такіх «форумаў» проста немагчыма. І тыя, хто арганізоўвае такія мерапрыемствы, думаю, самі гэта разумеюць. Ёсць адчуванне поўнага расчаравання.

РР: На Кангрэсе плануюць абраць тактыку на парламенцкую кампанію. Вартая справа?

Уладзімір Колас: Абяруць тактыку, і што гэта дасць на практыцы? Вынік выбараў зменіцца? Самае сумнае, што сярод апазіцыі працягваецца спаборніцтва амбіцый і асабістых прыватных інтарэсаў. Нейкага новага кроку, пачатку нечага новага няма. Усё неяк настолькі банальна, настолькі бяздарна, што браць у гэтым удзел няма ніякага жадання. Прынамсі ў мяне.

РР: Але ж самі прадстаўнікі апазіцыі кажуць, што пад ляжачы камень вада не цячэ….

Уладзімір Колас: Можа быць і варта нешта рабіць, каб імітаваць дзейнасць, бо рабіць у гэтым жыцці нешта ж трэба. Але тое, што вынікаў гэта ніякіх не дасць, ні ў каго сумненняў не выклікае. Неабходны маладыя сілы, якія ўлічаць памылкі старых палітыкаў, і пойдуць сваім шляхам. Ды і без сапраўднай кансалідацыі ніякіх спадзяванняў на перамены няма.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя