Ці патрэбна аб’яднанне апазіцыі падчас пратэстных акцый?
Палітолаг Алесь Лагвінец разважае пра “пратэстны сакавік” і дзеянні апазіцыі.
У сакавіку пройдзе шэраг пратэстных акцый, хаця іх арганізацыяй займаюцца розныя апазіцыйныя структуры. Магчыма, варта было б аб’яднаць агульныя сілы?
Алесь Лагвінец: Безумоўна, шкада, што ёсць разнагалоссі, і тут, як мне падаецца, варта было б дамовіцца. Сёння ў грамадстве ёсць чаканне нейкай альтэрнатывы. І бегчы навыперадкі, каб крычаць, што я першы, можа быць, і не варта. Але маем тое, што маем. І, калі ўжо так атрымалася, то трэба проста рабіць сваю справу і хаця б устрымлівацца ад ацэнак дзеянняў іншых. Найперш трэба дзейнічаць на карысць людзей. На вялікі жаль, не заўсёды так атрымліваецца.
РР: Некаторыя кажуць, што апазіцыя не павінна палітызаваць тыя ж самыя “маршы дармаедаў”.
Алесь Лагвінец: Палітыка і так паўсюль, таму любы пратэст нават па сацыяльных пытаннях – гэта ўжо палітычная з’ява. А апазіцыя на тое і існуе, каб ацэньваць дзеянні ўладаў і прапаноўваць свае альтэрнатывы грамадзянам. Але гэта не тое, пра што трэба разважаць. Небходна шукаць шляхі вырашэння праблемы, а не думаць, што хтосьці палітызуе пратэсты. Калі ж хтосьці і не хоча палітызацыі, то гэта проста хаванне галавы ў пясок.
РР: Як вы сёння ацэньваеце пратэстныя настроі ў грамадстве?
Алесь Лагвінец: Пратэст ёсць, магчыма, ён нават нарастае, бо ўлады завялі краіну ў тупік і не ведаюць, што далей рабіць. І пры гэтым цягнуць коўдру на сябе, каб кантраляваць сітуацыю. Так што пратэстны патэнцыял маецца, але цяжка сказаць, наколькі ён вялікі.
РР: Ці могуць паўплываць гэтымі пратэстамі людзі на нейкія рашэнні ўладаў?
Алесь Лагвінец: Мабілізацыя грамадства ў любым выпадку ўплывае, і часам улада адмяняе свае прынятыя рашэнні. Прынамсі частка ўлады разумее, што яны могуць усё, а таму і “адкручваюць” нейкія непапулярныя меры. Мы бачым, як апошнім часам разгортваліся падзеі ў Курапатах, дзе моладзевыя актывісты спынілі будоўлю. Чым большы ціск, тым верагодней, што ўлады будуць адступаць.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя