Ці патрэбна беларускім уладам уступленне ў Раду Еўропы?
“Лёс Беларусі – далучыцца да Рады Еўропы”, – такое меркаванне выказаў днямі кіраўнік дырэкцыі па палітычных пытаннях Рады Еўропы Аляксандр Гесэль на сустрэчы з беларускімі журналістамі ў Страсбургу.
Якія перспектывы інтэграцыі Беларусі ў Еўразвяз? І ці ёсць жаданне ў беларускіх уладаў, каб краіна ўступіла ў Раду Еўропы? Аб гэтым распавядае каардынатар ініцыятывы „За справядлівыя выбары” Віктар Карняенка.
Віктар Карняенка: Асабіста я пераканаўся, што беларускім уладам Рада Еўропы абсалютна непатрэбная. Увесь час, за што яны змагаюцца, дык гэта аднавіць статус спецыяльна запрошанага. Дарэчы, у свой час мы ўносілі такую прапанову. Казалі: калі беларускія ўлады возьмуць на сябе смеласць па паўнавартаснаму ўступленню ў Раду Еўропы (ратыфікаваць Хартыю мясцовага самакіравання, Канвенцыю па правах чалавека, вырашыць пытанне са смяротным пакараннем), то ў такім выпадку і апазіцыя падтрымае ўладу. Але відавочна, што такі план ніхто не выпрацоўвае. А быць у статусе спецыяльна запрошанага сябра – гэта такая гульня. Здаецца, і ў Радзе, але і адказнасць на сябе не бярэм. Таму не думаю, што ў гэтым накірунку будуць нейкія зрухі. Хоць я вельмі параіў бы беларускім палітыкам звязваць статус спецыяльна запрошанага менавіта з паўнавартасным уступленнем у Раду Еўропы.
РР: Днямі стала вядома, што ў Беларусі выкананы яшчэ адзін смяротны прысуд. Краіна вырашыла не адмаўляцца ад вышэйшай меры пакарання?
Віктар Карняенка: І не адмовіцца. Пазіцыя беларускай улады на міжнароднай арэне наступная – прымайце нас такімі, якія ёсць. Мы хочам пралезці са сваім статутам у чужы манастыр. Таму, пакуль моцна не прыцісне палітычна ці эканамічна, улада не пойдзе на адмену смяротнага пакарання.
РР: Што б дало ўступленне Беларусі ў Раду Еўропы?
Віктар Карняенка: Першае – паляпшэнне іміджа. У адзін момант палепшыўся б інвестыцыйны клімат у краіне. А так Беларусь зараз, як “белая варона” ў Еўропе. Бо палітычны імідж – гэта твар краіны, які ўплывае і на эканоміку, і на іншыя сферы нашага жыцця. Беларусы маглі б абараняць свае правы праз Еўрапейскі суд па правах чалавека, прыйшла б візавая лібералізацыя. Гэта крок да паляпшэння стасункаў з Еўразвязам, што было б карысна для краіны. Але, відаць, не для ўлады, якая стала на шлях сваёй нязменнасці.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя