Ці патрэбна ўладам Беларусі міжнароднае прызнанне выбараў?



Палітолаг Валерый Карбалевіч распавядае пра тое, што будзе, калі Еўропа і Расея не прызнаюць беларускія выбары.

Некаторыя аналітыкі мяркуюць, што сёлетнія прэзідэнцкія выбары ў Беларусі могуць не прызнаць не толькі ў Еўропе, але і ў Маскве. Ці так важна гэта для ўладаў Беларусі?

Валерый Карбалевіч: Само паняцце «прызнанне выбараў» у беларускім грамадстве некалькі міфалагізаванае. Розныя людзі пад гэтым разумеюць зусім розныя рэчы.

Што такое ў рэальнасці «непрызнанне выбараў»? Калі нехта не павіншуе з перамогай, то гэта зусім з іншай оперы. Насамрэч «непрызнанне» павінна цягнуць за сабой ізаляцыю краіны, спыненне дыпламатычных і эканамічных адносін, але такое не здарыцца ніколі.

Усе выбары ў Беларусі пасля 1996 года назіральнікі АБСЕ прызнавалі неадпаведнымі еўрапейскім стандартам. Фактычна гэта і ёсць непрызнанне выбараў, але якія наступствы былі пасля гэтага для ўладаў Беларусі? Ніякіх. Еўрапейскія амбасадары прыязджаюць у Беларусь, падаюць даверчыя граматы менавіта прэзідэнту, а зараз і яго самога прымаюць у Еўропе.

Тое самае і ў сітуацыі з Расеяй. Калі Крэмль не прызнае выбары, то няўжо Пуцін і Лукашэнка не будуць сустракацца на розных самітах? Таму «прызнанне-непрызнанне» выбараў – гэта міф.

РР: Калі зыходзіць з гэтага, значыцца ўлады могуць жорстка дзейнічаць у дачыненні да сваіх апанентаў і не азірацца на той жа Захад?

Валерый Карбалевіч: Калі паўстае пытанне выбару паміж пагрозай пэўнай міжнароднай ізаляцыі і стратай улады, то зразумела які выбар зробіць Аляксандр Лукашэнка. Для яго ўлада – гэта больш важнае пытанне, чым усё астатняе.

Пры гэтым трэба разумець, што ўлады ўсё роўна асцерагаюцца, бо стасункі з Захадам – гэта пэўная фінансавая падтрымка, якая ўжо зараз ёсць. Можа яна і не такая вялікая, але два еўрапейскія банкі даволі актыўна супрацоўнічаюць з Беларуссю. А там палітыка вельмі моцна завязана на фінансавыя рэчы. Тым больш, што зараз Расея крэдыты не дае, а трэба аддаваць замежныя даўгі. І гэтае пытанне вельмі моцна стаіць.

Таму аглядка на тое, што скажа Захад, існуе. Але зноў-такі, калі востра паўстане пытанне выбару, то дзеля захаванне ўлады пойдуць на ўсё.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя