Ці патрэбны адзіны апазіцыйны кандыдат?
На будучых прэзідэнцкіх выбарах неабходны адзіны апазіцыйны кандыдат. Так лічыць гомельскі грамадскі актывіст Уладзімір Кацора.
На ягоную думку, адзіны кандыдат пасля выбараў мусіць стаць адзіным лідарам апазіцыі:
– Адзіны кандыдат у маім разуменні – гэта той, які застанецца лідарам апазіцыі пасля таго, як мы магчыма не выйграем гэтыя выбары. Хацелася б канешне праз плошчу дабіцца, каб Лукашэнка ці сышоў, ці прызнаў, што ў яго перамогі не было. Сёння ўсе задаюцца пытаннем: „А дзе той лідар?” Такога лідара быць не можа, бо ўлада не дасць, каб такі лідар быў. На каго паставім, той і будзе лідарам.
Актывіст „Гавары праўду” Алег Шабетнік лічыць, што ў цяперашняй сітуацыі дэмакратычных кандыдатаў у дэпутаты мусіць быць як мага болей:
– Нам непатрэбны адзіны кандыдат пакуль у краіне няма выбараў. Нам патрэбна дзесяць кандыдатаў, дваццаць кандыдатаў, трыццаць кандыдатаў. Каб кожны выступіў па тэлебачанні, выступіў па радыё. Калі будзе такіх 23 чалавека Няпомняшчых, то ў нас усё будзе па-іншаму. Калі будзе адзін, ну добра, адзін. Быў Мілінкевіч, выбары скончыліся і Мілінкевіч здзьмуўся – усё.
У 2020 адбудуцца выбары прэзідэнта Беларусі. Выбары павінныя прайсці не пазней за 20 жніўня.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель