Ці патрэбны Беларусі прэзідэнцкія выбары?
Былы дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі і вядомы апазіцыйны палітык Андрэй Клімаў прапанаваў не праводзіць у Беларусі прэзідэнцкія выбары наогул. Адзіны кандыдат ад апазіцыі на выбарах 2001 года Уладзімір Ганчарык з такім падыходам нязгодны.
“Выбары ў нашай краіне трэба проста адмяніць, яны нам непатрэбныя, – заявіў Клімаў “БелГазеце”. – Раздайце лепш грошы пеніянерам на лекі. Маё меркаванне адназначнае: прыстойным людзям на гэтых выбарах рабіць няма чаго. Хочуць яны разам з Ярмошынай фармальна абазначыць свае пазіцыі, дык для гэтага ёсць Гайдукевіч і іншыя. Аддайце на гэта мільён, раздрукуйце партрэты і аб’явіце вынікі. Нічога больш не трэба, на ўсё хопіць 100 даляраў”.
Уладзімір Ганчарык: Андрэй Клімаў заўсёды адрозніваўся арыгінальнымі ідэямі, але за гэтымі словамі нічога не стаіць. Як вядома, выбары ў любым выпадку адбудуцца, а таму пытанне для дэмакратычных сілаў па-ранейшаму застаецца адкрытым: удзельнічаць у кампаніі ці не? І, калі ўдзельнічаць, то па якому сцэнару? Вызначыцца з “адзіным” ці ўдзельнічаць некалькімі групамі? Таму сёння можна шмат фантазіраваць на прадмет таго, каб не праводзіць выбары, бо іх няма, але ўсё гэта так і застанецца фантазіямі. Ёсць Канстытуцыя, сфарміравалася ўжо некалькі прэтэндэнтаў, якія, напэўна, абавязкова будуць удзельнічаць, таму нічога не зменіцца.
РР: Апазіцыя згодна ў адным: празрыстых выбараў няма і не будзе. Што тады рабіць у такой сітуацыі?
Уладзімір Ганчарык: На мой погляд, удзельнічаць у кампаніі патрэбна. Галоўнае – выпрацаваць правільную тактыку і стратэгію, а гэта ўжо будзе залежыць ад тых палітычных ігракоў, якія прэтэндуюць на нейкую грамадска-палітычную ролю ў краіне.
РР: Практыка папярэдніх прэзідэнцкіх кампаній паказала, што адзіны кандыдат ад апазіцыі вялікай ролі на выбарах і гуляе. Ці вы не згодны?
Уладзімір Ганчарык: Згодны ў тым плане, што гэта не галоўнае пытанне, якое павінна турбаваць апазіцыю. “Адзіны” – проста метад аб’яднаць тыя невялікія палітычныя сілы і рэсурсы, якія сёння ёсць. У якой меры гэта ўдасца зрабіць, у той меры апазіцыя будзе мець больш шанцаў на дасягненне нейкага выніку. А калі на выбары ідуць дзесяць кандыдатаў, то з гэтага нічога добрага атрымаецца. Бачылі ўжо. Думаю, калі б больш займаліся адзіным кандыдатам, былі б і большыя поспехі. Гэта і мабілізацыя людзей, і магчымасці паказаць, што апазіцыя можа нешта рабіць і нечага дасягнуць. У гэтым сутнасць удзелу ў выбарах.
РР: Проста выкарыстаць кампанію для “паходу ў народ”?
Уладзімір Ганчарык: У тым ліку, і гэта. Хоць, безумоўна, канчатковая мэта любых выбараў – перамога.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота camarade.biz