Ці пойдуць улады на пашыраную амністыю?



Лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў распавёў, чаму сёння неабходна шырокая амністыя.

Мікалай Казлоў заклікаў улады Беларусі ў самыя кароткія тэрміны правесці максімальна шырокую амністыю асоб, якія ўтрымліваюцца ў месцах пазбаўлення волі з-за пагрозы захворвання каронавірусам.

Мікалай Казлоў: Пашыраная амністыя патрэбна, бо, як мне падаецца, дзяржава не ў стане абараніць людзей, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі. Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека заклікала дзяржавы як мага хутчэй скарачаць колькасць людзей, што знаходзяцца за кратамі, і прыняць тэрміновыя меры для абароны іх жыцця і здароўя ва ўмовах пандэміі каронавіруса. Ужо нават іранскі рэжым выпусціў на волю 85 тысяч вязняў, бо не ў стане забяспечыць іх бяспеку.

РР: Хто, на Ваш погляд, павін патрапіць пад такую амністыю?

Мікалай Казлоў: Тыя, хто не здзяйсняў гвалтоўных злачынстваў у дачыненні да асобы. Асуджаныя, якія патрапілі за краты ўпершыню, за няцяжкія злачынствы, а таксама вязні са слабым здароўем. Ёсць шмат маладых людзей, якія асуджаны па 328 “наркатычным” артыкуле, але ў некаторых краінах такія дзеянні нават не лічацца злачынствамі.

Мяркую, што ўладам у тэрміновым парадку трэба гэтае пытанне рагледзець і прыняць нейкія рашэнні. Заўтра можа быць позна.

РР: Але міністр унутраных спраў днямі запэўніў, што прымаюцца ўсе меры, каб зняволеныя не захварэлі на каронавірус.

Мікалай Казлоў: Словы – гэта добра, але не хацелася б, каб калоніі і турмы сталі брацкімі магіламі. У любым выпадку той жа міністр унутраных спраў павінен разумець, што за здароўе вязняў службовыя асобы нясуць поўную адказнасць у адпаведнасці з законам. А схаваць факты смерці вязняў, калі такія будуць, ім не ўдасца.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя