Ці пойдзе Расея насустрач Беларусі ў «газавым пытанні»?
Былы прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Чыгір ацэньвае беларуска-расейскі канфлікт і распавядае пра тое, чаму найперш трэба спадзявацца на ўласныя сілы.
РР: Беларускі бок па-ранейшаму дабіваецца ад Масквы зніжэння цаны на газ, але Крэмль упарціцца. Чым закончыцца гэтае супрацьстаянне?
Міхаіл Чыгір: Думаю, наўрад ці Расея зараз пойдзе на нейкія саступкі, бо яе і самую напаткалі цяжкія часы. І ўвогуле, чаму мы думаем толькі пра тое, каб атрымаць нейкія знешнія крэдыты, зніжкі? Трэба рыхтавацца жыць у натуральных умовах, у якіх жыве ўвесь свет. Прызвычайвацца жыць за кошт сваіх рэсурсаў і сродкаў. Не трэба пастаянна спадзявацца на чыюсьці дапамогу і падтрымку. Так, цяжка жыць і працаваць у такіх умовах, але гэта дыктуе час. І пачынаць калісьці трэба. Дык пачніце хаця б з дзяржаўнай перабудовы. У нас акіян чыноўнікаў і мора сілавікоў, якіх трэба карміць. Іх утрымліваць – ніякай нафты не хопіць.
РР: Можа быць, каб атрымаць зніжку на газ, беларускі бок можа пайсці на нейкія палітычныя саступкі? Напрыклад, дадатковыя ваенныя расейскія базы размесцяць на тэрыторыі Беларусі…
Міхаіл Чыгір: Мне падаецца, што гэтага не адбудзецца. Улада ў некаторых момантах таксама мае сваю прынцыповую пазіцыю.
РР: У Беларусі бюджэт звычайна складаюць з улікам цаны на нафту. Ці правільна гэта? А то атрымліваецца, што той самы бюджэт аказваецца амаль у поўнай залежнасці ад Расеі.
Міхаіл Чыгір: Беларусь атрымлівае танную расейскую нафту, перапрацоўвае яе і прадае на Захад нафтапрадукты. Натуральна, што гэта адна з асноўных крыніц папаўнення бюджэту, а таму я і кажу, што трэба шукаць і іншыя перспектыўныя накірункі. І галоўнае слова тут – перспектыўныя. А то ў свой час завозілі венесуэльскую нафту ў Беларусь, прабачце, самым тупым спосабам – праз Чорнае мора, а затым чыгункай. Хаця, калі б прывезлі тую нафту ў Прыбалтыку, то гэта было б значна танней. Трэба заўсёды мець «пад рукой» запасныя варыянты. Спадзявацца толькі на адну Расею – гэта тупіковы шлях.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя