Ці пойдзе ўлада на дыялог з грамадствам?



Адзін з лідараў кампаніі “Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў распавёў, чаму ўлады абсалютна не гатовы да дыялогу.

Улады спрабуюць зараз сілавымі метадамі ціснуць на людзей, якія выходзяць на вуліцу, і на сваіх апанентаў, хаця нават некаторыя праўладныя аналітыкі кажуць, што без дыялогу сітуацыю не выправіць. Ці магчымы ён у сёняшніх умовах?

Андрэй Дзмітрыеў: Лічу, што ўлады абсалютна не гатовы для такога дыялогу. Яны наадварот ствараюць сітуацыю, пры якой грамадства зараней будзе пастаўлена ў больш пройгрышную пазіцыю. Магчыма, у такім выпадку яны і пачнуць весці размовы пра дыялог.

Пакуль на вуліцы выходзяць сотні тысяч людзей, а народ штодзень дэманструе салідарнасць, улада ў такіх умовах баіцца дыялогу, бо давядзецца выконваць пэўныя ўмовы, якія выставіла грамадства.

Асабіста для мяне ёсць два крытэры, па якіх я буду меркаваць, што ўлады гатовы хаця б да нейкай размовы. Першы крытэр – калі людзі ў цывільным перастануць затрымліваць людзей толькі за тое, што яны выходзяць на вуліцу і выказваюць сваё меркаванне. Другі крытэр – калі мы ўбачым на волі палітвязняў. Адбудзецца гэта – асабіста я ўбачу, што мы, магчыма, рухаемся ў бок нейкага дыялогу.

РР: Мяркуючы па заявах і дзеяннях, улада на гэта ісці не збіраецца…

Андрэй Дзмітрыеў: Пра тое самае і я кажу. Нават пра змены ў Канстытуцыі разважаюць з прэзідэнтам і чыноўнікамі іншай краіны, а не з уласным народам. Мы ж не ведаем, якія там будуць змены, якія праекты абмяркоўваюцца. Нам толькі распавядаюць, што нешта зменіцца.

А зараз мы штодзень бачым новыя крымінальныя справы, новыя затрыманні, збіццё людзей, ціск на журналістаў.

РР: Кіраўнік Беларусі сказаў, што будзе размаўляць толькі з працоўнымі, але не з тымі, хто пратэстуе на вуліцы.

Андрэй Дзмітрыеў: Ён так кажа, што не гатовы ні з кім размаўляць. Няма такой арганізацыі – “працоўныя”. Ці Лукашэнка збіраецца размаўляць са сваімі прафсаюзамі, прадстаўнікамі “Белай Русі”? Дык гэта не размова. Ён з імі можа ў любы час пагаварыць.

У палітыцы перамовы вядуць палітычныя арганізацыі, якія прадстаўляць розныя слаі грамадства. Лукашэнка таксама прадстаўляе частку грамадства. Але значную частку грамадства прадстаўляюць яго апаненты. І дыялог у імя краіны магчымы толькі тады, калі гэта прызнаецца. Але замест гэтага ў нас збіваюць, запалохваюць і нават забіваюць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: БелаПАН