Ці працягне Крэмль фінансаванне беларускай улады?



Палітолаг Андрэй Суздальцаў выказвае меркаванні, якім чынам бліжэйшым часам будуць складвацца стасункі паміж Менскам і Масквой.

Андрэй Суздальцаў

Андрэй Суздальцаў (Фота specletter.com)

РР: Ці працягне Крэмль фінансаваць афіцыйны Менск у ранейшым аб’ёме?

Андрэй Суздальцаў: Натуральна, што былой дапамогі чакаць Беларусі ўжо не даводзіцца. Расея і сама цяпер знаходзіцца ў складаным эканамічным становішчы па розных прычынах: і знешніх, і ўнутраных. Хоць, безумоўна, Крэмль не пакіне Мінск без падтрымкі. Беларускі дэфолт плюс украінскі – гэта занадта для расейскай эканомікі. Праўда, для беларускага боку ўмовы атрымання крэдыту рэзка пагаршаюцца, пазыкі абкладаюцца рознымі ўмовамі. У першую чаргу – правядзеннем структурных эканамічных рэформаў. Мяркую, сёння Расея – адзіны партнёр Беларусі, які патрабуе рэальных рэформаў, бо тое, што прапаноўвае МВФ, — ўсё-такі нейкая платформа, база для будучых эканамічных пераўтварэнняў. Масква ведае, што ніякай базы для рэформаў у Беларусі няма, і таму адкрыта цісне на іх правядзенне. Бо бясконца закідваць грошы ў “чорную дзірку” таксама нікому не хочацца. А Беларусь жыве ад крэдыту да крэдыту.

РР: Але ж беларускае кіраўніцтва дало зразумець, што на вялікія рэформы не збіраецца ісці. Як быць з гэтым?

— Калі не пойдзе, значыцца будуць праблемы з крэдытамі. У Расеі свае праблемы, эканамічнае становішча там, калі не пагаршаецца, дык і не паляпшаецца. І Маскве патрэбны не толькі зразумелы палітычны саюзнік, але і зразумелы эканамічны партнёр. Гэта сур’ёзнае пытанне, бліжэйшым часам падчас сустрэч кіраўнікоў краінаў гэта тэма, думаю, будзе не на апошнім месцы. Ведаю, што многія ў расейскіх вярхах мяркуюць, што толькі жорсткая пазіцыя Масквы можа змяніць сітуацыю, бо ў адваротным выпадку мільярды даляраў давядзецца даваць кожны квартал. Беларусь – дарагі для Расеі сусед.

РР: Ёсць меркаванне, што Крэмль дасць грошы, калі беларускія ўлады дазволяць знаходжанне на тэрыторыі Беларусі расейскіх авіяцыйных базаў.

— Беларусі насамрэч трэба мадэрнізаваць ваенную сферу, але гэтая тэма зусім з іншай оперы. А авіяцыйную базу беларускія ўлады не захочуць размяшчаць. Афіцыйны Менск задаволены прыпыненнем заходніх санкцыяў і разумее, што пасля размяшчэння расейскай базы ў сваёй краіне гэтыя санкцыі могуць і вярнуць.

 Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя