Ці працягнецца раскол у грамадстве і апазіцыі пасля выбараў?



Адзіны кандыдат ад апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах 2001 года Уладзімір Ганчарык ацаніў сітуацыю, якая склалася падчас гэтай выбарчай кампаніі, і дае прагноз на будучыню.

На сваёй старонцы ў сацыяльных сетках былы старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Мечыслаў Грыб напісаў: “Выбары будуць ціхія, балотныя, з зараней вядомым вынікам. На жаль, гэтыя выбары не прынясуць міру і спакою ў краіну. Яны паглыбяць раскол і рэзка абвастраць адносіны ўнутры апазіцыі”.

Уладзімір Ганчарык: Ужо тысяча разоў сказана, і я таксама пад гэтым падпісваюся, што на гэты момант у грамадстве ўзмацнілася апатыя і абякавасць да самой выбарчай сістэмы. Гэта факт. І гэта паказаў этап збору подпісаў. Таксама мы бачым слабасць апазіцыі, яе размежаванасць, “тусовачнасць”. Усё разам і дало той вынік, што маем. Таму казаць, што выбары кансалідуюць грамадства, я б таксама не стаў. На жаль, у будучым убачым кансервацыю сёняшняга палітычнага рэжыму, раскол грамадства, расчараванне людзей адсутнасцю пераменаў. Адным словам, ёсць незадаволеныя ўладай, але яны чагосьці чакаюць. Іншыя падтрымліваюць уладу. Таму казаць пра кансалідацыю грамадства і насамрэч не даводзіцца.

РР: Ці магла змяніцца сітуацыя ў лепшы бок, каб на гэтых выбарах быў адзіны кандыдат ад апазіцыі?

Уладзімір Ганчарык: Я нават не сумняваюся ў гэтым. У такім выпадку была б больш энергічная і карысная праца. Але да гэтага не прыйшлі. У першую чаргу з-за таго, што на першым месцы стаялі асбістыя ці групавыя інтарэсы, а не агульная справа. Каму былі патрэбны бясконцыя абмеркаванні сцэнароў, як тэхнічна правесці абранне адзінага? Усё, час страцілі. І тыя палітычныя гульцы, якія маглі рэальна ўдзельнічаць у выбарах, не былі гатовыя да гэтага.

РР: Адным словам, зараз назіраецца крызіс улады і крызіс апазіцыі.

Уладзімір Ганчарык: Безумоўна. І гэта не на карысць ні дзяржаве, ні грамадству.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя