Ці працягнуцца прыхаваныя рэпрэсіі?



Юрыст Беларускага Хельсінкскага Камітэта Гары Паганяйла распавядае пра “штрафную палітыку” і магчымае вяртанне ўладаў да жорсткіх рэпрэсій.

Гары Паганяйла

Нагадаем, што апошнім часам сілавікі ўзялі на ўзбраенне новую тактыку адносна тых, хто ўдзельнічае ў розных акцыях пратэсту. Актывістаў не адпраўляюць на “суткі”, а асуджаюць да вялікіх штрафаў.

Гары Паганяйла: Хтука ўжо амаль год будзе, як улады змянілі практыку прымянення адміністратыўных санкцый і перайшлі да штрафаў. Па-першае, яны змягчаюць саму сітуацыю, калі нікога не арыштоўваюць і не пазбаўляюць волі. З іншага боку – папаўняецца бюджэт за кошт вялікіх штрафаў. Пры гэтым многія разумеюць, што лепш бы ён адсядзеў 10 сутак, чым выплочваць непамерныя штрафы. Каля няма чым плаціць, то ў людзей ёсць машыны, мэбля, іншая маёмасць. Яе таксама могуць канфіскаваць для пагашэння штрафаў. І, натуральна, крыўдзіць такім чынам сям’ю таксама не хацелася б. Гэта адбівае ахвоту ў некаторых актывістаў лішні раз выйсці на вуліцу з пратэстам. Акрамя таго, Захад задаволены. Пакаранне быццам бы і ёсць, але ж у турмах людзі не сядзяць. У гэтым выпадку штрафы разглядаюць як нейкі “цывілізаваны інструмент” ва ўзаемаадносінах паміж дзяржавай і тымі, хто парушае закон. У падрабязнасцях ніхто не разбіраецца. Усіх гэта задавальняе.

РР: Некаторыя праваабаронцы, тым не менш, мяркуюць, што сітуацыя – хісткая, і ўлада можа вярнуць практыку жорсткіх рэпрэсій. На ваш погляд, гэта магчыма?

Гары Паганяйла: Рэпрэсіі могуць вярнуцца, але толькі ў тым выпадку, калі будзе насамрэч абвастрэнне палітычнай сітуацыі і рэальная пагроза для ўлады. Тады, безумоўна, ізноў могуць выкарыстаць палітыку жорсткіх рэпрэсій і запалохвання людзей праз арышты і новыя палітычныя справы. Меры могуць ужыць кропкавыя, але жорсткія. Зрэшты, пра ўсё гэта можна разважаць зараз толькі ўмоўна…

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя