Ці прыме Польшча запрашэнне Беларусі прыняць удзел у вучэннях АДКБ?
Сумесныя аператыўна-стратэгічныя вучэнні Калектыўных сіл Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) «Баявое брацтва – 2023» пачынаюцца 1-га верасня ў Беларусі.
На іх Лукашэнка запрасіў і афіцыйных прадстаўнікоў Польшчы. Ці прыме Польшча такое запрашэнне разважае ваенны эксперт, сузаснавальнік Асацыяцыі беларускіх ветэранаў Андрэй Кушняроў:
– Дрэнна тут тое, што Беларусь з’яўляецца часткай АДКБ. Заснавальнік гэтага блока вядзе рэгулярныя войны. Спроба запрасіць назіральнікаў з боку Польшчы хутчэй за ўсё будзе ўспрынята не вельмі станоўча, для любога ўдзельніка з боку Польшчы гэта рэпутацыйныя страты. Цяпер ёсць вельмі сур’ёзнае напружанне паміж Беларуссю і Польшчай. З боку Лукашэнкі быў зроблены шэраг вельмі сур’ёзных і абразлівых заяў. Ёсць невялікая верагоднасць таго, што накіруюць нейкіх дробных назіральнікаў, але я б сказаў, што вельмі невялікая
Як паведамляе Мінабароны краіны, да 6-га верасня ў Заходняй Беларусі запланаваны некалькі сумесных і спецыяльных вучэнняў. Сярод іх – спецыяльныя вучэнні «Бар’ер» з сумесным фарміраваннем радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны ды медычнага забеспячэння.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя