Ці прыслухаюцца беларускія ўлады да Сусветнай арганізацыі здароўя?
Cустаршыня аргкамітэта БХД Віталь Рымашэўскі выказаў свой прагноз наконт таго, якія могуць быць далейшыя дзеянні беларускіх ўладаў па барацьбе з каронавірусам.
Сусветная арганізацыя здароўя апублікавала рэзюмэ аб місіі ў Беларусі 8–11 красавіка. У рэкамендацыях сказана, што ў сувязі з эпідэміяй “патрэбны неадкладныя дадатковыя захады”. Ці прыслухаюцца?
Віталь Рымашэўскі: Мяркую, дзеля выгляду беларускія ўлады могуць зрабіць некалькі рэчаў як быццам для змагання з каронавірусам, якія істотна на сітуацыю не паўплываюць.
Улады ўжо занялі ў гэтым пытанні прынцыповую пазіцыю і абсалютна не звяртаюць увагу на тое, што ім кажа і грамадства, і самі медыкі. Хаця, як мне падаецца, ужо не толькі медыкі, але і сілавікі, і нават многія чыноўнікі зразумелі, з чым краіна сутыкнулася насамрэч.
РР: Ва ўладаў свае аргументы…
Віталь Рымашэўскі: Яны дзейнічаюць так, як захочуць, і гэта мы спыніць не можам. Таму варта і далей чакаць неадэкватных дзеянняў і распарэджэнняў, а таксама іх выканання.
Ёсць дактары, якія кажуць праўду, ёсць людзі, якія выказваюць абурэнне сітуацыяй, але, на жаль, гэтага недастаткова, каб на на нешта паўплываць. Улады ўзялі ўсю адказнасць на сябе.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя