Ці прызнае БДІПЧ беларускія выбары?
Экс-кандыдат у прэзідэнты на прэзідэнцкіх выбарах-2010 Рыгор Кастусёў распавядае пра магчымасць легітымізацыі беларускай улады Захадам.
Некаторыя эксперты адзначаюць: імавернасць прызнання выбараў-2015 місіяй БДІПЧ вельмі вялікая.
Рыгор Кастусёў: Я таксама думаю, што такая верагоднасць ёсць. Менавіта таму неабходна праводзіць назіранне за выбарчай кампаніяй і ўдзельнічаць у ёй. Праз удзел і назіранне трэба паказаць, што выбары ў Беларусі адбываюцца несумленна і непразрыста. Гэта таксама можа паўплываць на тое, ці прызнае Еўропа і іншыя краіны свету вынікі беларускіх выбараў.
РР: Можа і добра, калі Захад прызнае выбары? Краіна зробіць нейкі крок у бок паляпшэння стасункаў з Еўропай…
Рыгор Кастусёў: З аднаго боку гэта выглядае, як прыгожы журавель у небе, але ёсць і іншы бок. Калі беларуская ўлада атрымае поўную легітымнасць, а выбары прызнаюць не толькі Расея, але Еўропа і ЗША, то ў гэтай самай улады з’явіцца магчымасць распараджацца краінай так, як захоча яна сама. Тыя захады па цесным аб’яднанні з Расеяй пры легітымізацыі ўлады з боку Захаду могуць прывесці да страты незалежнасці краіны. Такім чынам, будзе прызнана законнасць подпісаў улады пад усімі саюзнымі актамі па аб’яднанні з Расеяй.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя