Ці прызнае Еўропа выбары ў Беларусі?



Cакратар БСДП (Народная грамада) Сяргей Скрабец ацэньвае падрыхтоўку апазіцыі да прэзідэнцкіх выбараў.

У сваім чарговым лісце да бялыніцкага журналіста Барыса Вырвіча палітвязень Мікалай Статкевіч выказаў свае асцярогі наконт кампаніі па выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якая павінна распачацца ужо ў хуткім часе.

У прыватнасці, Статкевіч піша: “Калі ўжо казаць пра тыя выбары і падрыхтоўку да іх дэмакратычных сілаў, то сітуацыя выглядае сумнай. Робіцца рэальнай перспектыва міжнароднай легітымізацыі. Для гэтага зараз дастаткова прадэманстраваць толькі “заўважны прагрэс”. Гэта значыць, паставіць меншы працэнт і праігнараваць мажлівую акцыю пратэсту. Калі яна будзе. Карацей кажучы, план, які рыхтаваўся ў 2010 годзе, але быў сарваны, цяпер мае добрыя шанцы. Супрастаяць яму ніхто з кандыдатаў і не збіраецца. Ды і “адмазка” ёсць – Расея”.

Сяргей Скрабец: Мне здаецца, што ўдзельнічаць у выбарах у любым выпадку неабходна. Гэта ўдзел у палітычным працэсе, іншых інструментаў, каб заявіць пра сябе, у нас няма, бо беларуская апазіцыя знаходзіцца ў ізаляцыі. Выбарчыя кампаніі – мачымасць данесці да людзей сваю пазіцыю, пазіцыю партыі і нашы стратэгічныя задачы. Іншая рэч, што апазіцыя і на самой справе не павінна гуляць на полі ўлады. Галоўная задача любой апазіцыі – прыход да ўлады і змена грамадства да лепшага. Тое, што зараз адбываецца ў Беларусі, ва ўзаемаадносінах улады і Захаду, я б назваў размарозкай палітычных стасункаў. Тым больш, пазіцыя Беларусі ва ўкраінскім канфлікце гэтаму спрыяе. Еўропа робіць нейкія малыя спробы вызваліць палітвязняў, але візіты еўрачыноўнікаў у Менск становяцца больш частымі, а палітзняволеныя застаюцца за кратамі. Гэта гаворыць пра тое, што той жа Мікалай Статкевіч будзе знаходзіцца ў няволі да заканчэння свайго тэрміна, а можа яму яшчэ і дададуць.

РР: Адным словам, вы мяркуеце, што Захад, у рэшце рэшт, прызнае гэтыя выбары?

Сяргей Скрабец: Мне здаецца, што іх ужо прызналі. Пасля саміта ў Менску, калі ў сталіцу прыехалі кіраўнікі Францыі, Германіі, як кажуць, працэс пайшоў. Гэта быў пачатак гульні па прызнанні выбараў.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя