Ці прызнае Захад парламенцкія выбары ў Беларусі?



Сёлетняя электаральная кампанія ў Беларусі нічым не адрозніваецца ад папярэдніх, але па выніку еўрапейскія назіральнікі абавязкова адзначаць нейкія пазітыўныя зрухі, — у гэтым перакананы першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч:

У нас дыктатура, у нас няма выбараў з 1996 года, вось і цяпер у нас ніякіх выбараў не будзе. Але будуць гаварыць, што вось былі зрухі, бо 2 пункты зрабілі з 30-ці, па якіх былі зроблены сур’ёзныя заўвагі, і тыя 2 пустыя пункты. Няма пра што гаварыць.  

Станіслаў Шушкевіч выказаў нежаданне гаварыць пра магчымыя масавыя пратэсты пасля парламенцкіх выбараў. Заўважыў толькі наступнае:

— Я ўважліва слухаю арганізатараў пратэсту, няхай ім пашанцуе. Пакуль што я не бачу такой дзелавой актыўнасці арганізатараў. Занадта многа словаў, а дзеяння пакуль я не адчуваю.  

Нагадаю, што былы палітычны вязень Мікалай Статкевіч заклікае выйсці на Кастрычніцкую плошчу Менску 12-га верасня з патрабаваннем сапраўдных выбараў.

Стас Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя