Ці прызнала Еўропа легітымнасць беларускага парламента?



Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў і экс-палітвязень Сяргей Скрабец распавядае пра тое, чаму еўрачыноўнікаў усё менш хвалююць празрыстыя выбары ў Беларусі.

Як вядома, у Менск наведалася дэлегацыя Еўрапарламента, каб з прадстаўнікамі ўрада і парламента Беларусі „абмеркаваць ключавыя пытанні двухбаковых адносін ЕЗ і Беларусі і перашкоды на шляху да больш цеснага супрацоўніцтва, якія яшчэ застаюцца”.

Сяргей Скрабец: Прыезд у Менск дэлегацыі Еўрапарламента – яскравы сігнал з Еўропы, што беларускія выбары, якія дэ-факта не прызнала АБСЕ, сёння па сутнасці ўжо прызнаны Еўразвязам. Відавочна, што будучыя выбары ў мясцовыя Саветы таксама будуць прызнаныя. Гэта сведчыць пра тое, што еўрапейцаў ужо задавальняе беларускі рэжым. Мяркую, што фактычна прызнаюць і анэксію Расеяй Крыма, і да расейска-ўкраінскага канфлікта ставяцца ўжо больш лагодна.

РР: Змяніліся правілы гульні?

Сяргей Скрабец: У гэтым свеце ўсё прадаецца і купляецца. Сёння, відаць, правілы гульні якраз грошы і дыктуюць.

РР: А як быць з правамі чалавека, пра што Еўразвяз пастаянна нагадваў беларускім уладам на працягу апошніх дваццаці гадоў?

Сяргей Скрабец: Так, былі прыняты нават канкрэтныя крокі, якія павінны зрабіць беларускія ўлады ў вобласці правоў чалавека, каб Беларусь атрымала міжнароднае прызнанне і фінансавую дапамогу. Але сёння тыя крокі больш застаюцца на паперы, а санкцыі адменены і праходзяць дыялогі. І гэта ў той момант, калі ўсе бачылі, як жорстка дзейнічала ўлада ў адносінах да сваіх грамадзян яшчэ вясной гэтага года. Па сутнасці, Еўропа заплюшчыла на гэта вочы. Таму апазіцыі не варта нават спадзявацца, што бліжэйшая кампанія па выбарах у мясцовыя Саветы будзе адзначана нейкай празрыстасцю.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Раждыё Рацыя