Ці рэальна сабраць 100 тысяч подпісаў?
Грамадскі актывіст Віктар Карняенка выказаўся пра перспектывы прэтэндэнтаў на прэзідэнцкую пасаду сабраць неабходную колькасць подпісаў.
Нагадаем, што неўзабаве ініцыятыўныя групы пачнуць збор подпісаў. Для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты неабходна сабраць як мінімум 100 тысяч подпісаў.
Віктар Карняенка: Думаю, з улікам сітуацыі з каронавірусам сабраць неабходную колькасць подпісаў не зможа ніхто з прэтэндэнтаў. Ёсць спадзяванні, што некаторыя людзі ўсё-такі спатрэбяцца рэжыму для таго, каб паказаць прыстойную гульню, а таму зробяць выгляд, што яны неабходную колькасць сабралі.
Можна ўспомніць, што на мінулых выбарах адна з лідараў “Гавары праўду” Таццяна Караткевіч вельмі ўдала ўпісалася ў сцэнар уладаў і, магчыма, гісторыя паўторыцца і гэтым разам, але з іншымі персанажамі.
РР: Цапкала і Бабарыка – новыя фігуры ў палітыцы. Як ацэньваеце іх ролю ў гэтай кампаніі?
Віктар Карняенка: Сітуацыя вельмі цікавая, і я не выключаю, што Масква спрабуе на гэтых выбарах хаця б пазлаваць Лукашэнку.
Але, ведаеце, у 1989 годзе ўсе тыя камісіі, якія прызначаліся ў гаркамах і райкамах партыі, перасталі працаваць. Яны перасталі займацца фальсіфікацыямі на карысць тых, хто іх прызначыў. Не выключаю, што такі момант набліжаецца і ў Беларусі. Можа быць, і не зараз, але гэта абавязкова некалі здарыцца.
Каронавірус зняў маскі з нашай улады, і яе твар стаў бачны ўсім.
Таму адчуваю, што гэтыя так званыя выбары будуць больш цікавыя, чым у 2015 годзе.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя