Ці сапраўды ў Беларусі будуюць лагеры для «вагнераўцаў»?
488-ы дзень вайны. Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі наведаў Данецкую вобласць. Ён уручыў узнагароды вайскоўцам і сфатаграфаваўся з байцамі ЗСУ.
Адзіная выснова ЕС з падзей у Расеі – гэта неабходнасць падвоіць пастаўкі зброі Украіне, заявіў кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жузэп Бурэль. У заяве МЗС Латвіі гаворыцца, што ад сёння дыпламатычныя і консульскія прадстаўніцтвы Латвіі за мяжой спыняць прыём усіх відаў візавых заяў ад грамадзян Расеі «ў сувязі з непрадказальным развіццём унутрыпалітычных падзей у Расеі».

Тым часам, журналісты расейскага выдання «Вёрстка» паведамілі, што нібыта ўжо пачалося будаўніцтва лагера ў Асіповічах на 8 тысяч чалавек для байцоў ПВК «Вагнер». Аднак маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» сцвярджае, што нічога падобнага не адбываецца. За мінулыя суткі не было зафіксавана ніякай актыўнасці ў Асіповіцкім раёне, не кажучы пра будаўніцтва такога буйнога аб’екта. Маніторынгавая група таксама пакуль не фіксуе ніякіх калон ПВК, якія рухаюцца ў Беларусь ці ўжо знаходзяцца ў краіне.
