Ці складана жанчынам-палітыкам?



Cтаршыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ірына Вештард распавядае пра тое, ці складана сёння жанчынам знаходзіцца ў вялікай палітыцы.

РР: Апошнім часам на палітычным небасхіле з’явілася яшчэ адна жанчына-палітык Таццяна Караткевіч. Наколькі складана вытрымліваць канкурэнцыю з мужчынамі ў палітычным змаганні?

Ірына Вештард: На любой пасадзе нялёгка і мужчынам, і жанчынам. Тым больш, у палітыцы. Тут жа не ідзе размова пра палавую прыналежнасць, бо аўдыторыя не будзе рабіць зніжку на тое, што ты жанчына. І, калі ты згадзіўся пайсці ў палітыку, то цягні воз на роўных з мужыкамі. Сярод кіраўнікоў партый я адзіная жанчына, але не магу сказаць, што да мяне нейкія асаблівыя патрабаванні, ці палёгка. Я роўная сярод роўных. Хіба што лаяцца пры мне саромеюцца. Але гендэрная роўнасць павінна быць. Іншая рэч, што кожны чалавек сам вырашае, ці варта яму лезці ў тую ці іншую справу. І, калі прыйшла жанчына ў палітыку, то скуголіць затым ужо не трэба. Ведала, куды ішла.

РР: А як вы самі ставіцеся да спадарыні Караткевіч? Зараз яе крытыкуюць усе – і мужчыны, і жанчыны…

Ірына Вештард: У мяне ёсць таксама некаторыя заўвагі да яе. Я неяк прачытала словы Караткевіч, што ў цэлым яна задаволеная вынікамі выбараў і сваім удзелам у іх. Ды чым тут можна быць задаволеным?! І свае назіральнікі, і чужыя прызналі, што выбары былі непразрыстыя, падлік галасоў – такі ж. Чаму вы пляскаеце ў далоні? Чаму не зададзіце пытанне рубам: “Да якога часу мы не будзем бачыць падлік кожнага бюлетэня? Чаму беларусы пазбаўлены такога права?” Вось якія пытанні неабходна задаваць, а не радавацца сваім працэнтам, якія не палічылі. У мяне, дарэчы, шмат пытанняў да Таццяны Караткевіч, але лепш я задам іх ёй сам-насам.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя