Ці слушным было вяртанне Навальнага ў Расею?
Маскоўскі гарадскі суд прызнаў экстрэмісцкімі арганізацыямі заснаваны Аляксеем Навальным Фонд барацьбы з карупцыяй, а таксама штабы Навальнага ў розных гарадах федэрацыі. Сам галоўны апанент Пуціна цяпер знаходзіцца за кратамі. Ці слушным было вяртанне Навальнага ў Расею пасля спробы яго забойства спецслужбоўцамі?
Сваімі думкамі дзеліцца беларускі журналіст і публіцыст Алесь Чайчыц, які жыве ў Маскве:
– Тут у яго, напэўна, не было добрага выбару, бо заставацца ў замежжы – гэта губляць нейкую рэлевантнасць, ператварацца ва ўплывовага лідара, але ўсё ж чалавека, які адарваны ад кантактаў з унутрырасейскімі сіламі, расейскага парадку дня.
Сваімі паводзінамі Навальны здабыў сабе шмат балаў маральнага аўтарытэту, але гэта доўгатэрміновая гульня, мяркуе Чайчыц.
У той жа час вырашэнню сітуацыі ў Беларусі эксперт дае сярэднетэрміновы перыяд:
– Будзе залежыць ад эканамічнай сітуацыі ў Беларусі, ад міжнародных санкцый і міжнароднага ўздзеяння і чымсьці ад расейска-беларускіх стасункаў, ад расейска-заходніх стасункаў. Беларусь зноў можа стаць у пэўнай меры нейкай картай, якую б Крэмль мог бы разменяць наўзамен на нешта іншае з боку Захаду.
Як паведамлялася, беларускае пытанне можа быць узнятае на сустрэчы кіраўнікоў ЗША і Расеі, якая запланаваная на 16 чэрвеня ў Жэневе.
Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя