Ці спадзяецца Юрась Губарэвіч перамагчы ў роднай вобласці?
Лідар руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч пракаментаваў першы этап народнага галасавання і ацэньвае свае шанцы на перамогу.
Нагадаем што 8 сакавіка завяршыўся трохдзённы тур удзельнікаў народнага галасавання па выбарах адзінага кандыдата ад апазіцыі на прэзідэнцкую кампанію 2020 года.
Галасаванне прайшло ў шасці гарадах Віцебскай вобласці і зараз наступны расклад: Павел Севярынец – 150 галасоў, Юрась Губарэвіч – 50, Мікалай Казлоў – 24, Аляксей Янукевіч – 7, Вольга Кавалькова -3.
Як бачым, на Віцебшчыне пакуль перамагае Павел Севярынец, які сам нарадзіўся ў Віцебскай вобласці. 10 сакавіка пройдзе галасаванне ў Лепелі, а ў наступныя выхадныя яно адбудзецца ў гарадах Берасцейскай вобласці, адкуль родам старшыня руху «За свабоду».
Юрась Губарэвіч: Для мяне няма розніцы, у якой вобласці праходзіць галасаванне, бо лічу ўсе рэгіёны сваімі. У тым плане, што з людзьмі мы працуем па ўсёй Беларусі.
У родным Белаазёрску, на жаль, сустрэчы не запланаваныя, але ж галоўнае тут, каб у людзей пры галасаванні не было адчування, што яны аддаюць голас толькі таму, што той яго знаёмы альбо з’яўляецца каардынатарам ягонай палітычнай структуры.
Найперш важныя ідэі, якія прапаноўваюць кандыдаты. Людзі павінны аддаваць свой голас за тое, у чым яны збіраюцца далей удзельнічаць. І трэба падыходзіць да гэтага з усёй адказнасцю.
РР: І многія пагаджаюцца на будучыя пратэсты?
Юрась Губарэвіч: Я задаваў прысутным пытанне: «Ці згодны вы, скажам, праз месяц выйсці на вуліцы свайго горада, выступаючы за празрыстае выбарчае заканадаўства?» І не проста выйсці, а прывесці туды яшчэ і сваіх знаёмых, і суседзяў.
І, ведаеце, ніхто на гэта не пагадзіўся. Хаця гэта частка стратэгіі аднаго з кандыдатаў. І калі вы галасуеце за такую стратэгію, то будзьце гатовы, што вам давядзецца гэта рабіць.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя