Ці спросціць Еўропа візавы рэжым для Беларусі?



Кіраўнік руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч разважае пра прагрэсіўны ўказ беларускіх уладаў.

Юрась Губарэвіч

Як вядома, указам Лукашэнкі ўведзены пяцідзённы бязвізавы рэжым для грамадзян 80 краін.

Юрась Губарэвіч: Гэта, безумоўна, прагрэсіўны указ і пазітыўны крок, пра неабходнасць якога неаднаразова заяўляў і наш рух. Гэта робіць нашу краіну больш адкрытай, пацягне за сабой развіццё і турызму, і дзелавых стасункаў. Адзінае, што указ – у пэўнай ступені палавіністы крок. На наша меркаванне, патрэбна было б дазволіць уезд у краіну на большы тэрмін – на месяц ці на 60 дзён знаходжання ў Беларусі без неабходнасці атрымання візы. І , каб магчымасць уезду была не толькі праз аэрапорт, але і пры наземным перасячэнні мяжы.

РР: Беларускія ўлады кажуць, што зараз чакаюць ад еўрапейцаў крокі ў адказ. Якія гэта, на ваш погляд, могуць быць за крокі?

Юрась Губарэвіч: Трэба разумець, што прыезд замежных турыстаў у Беларусь – гэта ўжо інтарэс беларускай дзяржавы і тут, напэўна, няма ніякага канкрэтнага двухбаковага пагаднення. Правілы Шэнгена – дастаткова жорсткія, аднак нават у гэтай сітуацыі існуюць пэўныя магчымасці для змягчэння візавага рэжыму для беларусаў. У прыватнасці – зніжэння коштаў візаў і спрашчэння працэдуры іх атрымання. Калі ж казаць пра адмену візавага рэжыму для беларусаў, то тут яшчэ шмат што патрэбна зрабіць нашай краіне. У прыватнасці – павінна быць узятая пад кантроль усходняя мяжа, на якой павінен дзейнічаць па меншай меры пашпартны кантроль.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя