Ці супадаюць зараз інтарэсы народа і ўлады?
Палітык Анатоль Лябедзька распавядае, чаму сёння незалежнасць краіны хвалюе і грамадскасць, і дзеючую ўладу.
РР: Павел Севярынец сказаў, што на гэтым этапе інтарэсы Аляксандра Лукашэнкі і беларускага народа супалі. Ці згодны вы з гэтым?
Анатоль Лябедзька: Гэта, на мой погляд, дыскусійнае пытанне, таму што інтарэс актыўнай часткі беларускага грамадства – гэта суверэнітэт і незалежнасць Беларусі, як каштоўнасць. Інтарэс і каштоўнасць беларускай улады – не згубіць уладу.
Трэба прызнаць, што значная частка грамадства далёкая і ад першага, і ад другога. Таму на сёняшні дзень мы бачым тры такія накірункі. Натуральна, было б ідэальна, каб яны ўсе сыйшліся ў тым, што Беларусь, як незалежная суверэнная дзяржава – гэта каштоўнасць і для ўлады, і для грамадзян. Але для гэтага трэба яшчэ прайсці доўгі шлях і працаваць не адзін год.
РР: Калі ў Сочы сустракаліся Пуцін і Лукашэнка, у Менску прайшлі ў абарону незалежнасці акцыі. Яны могуць на нешта паўплываць?
Анатоль Лябедзька: Безумоўна, могуць. За незалежнасць трэба змагацца ўсімі даступнымі сродкамі. Чым карысны вулічныя акцыі? Гэта візуалізацыя працэса. Калі працэс на кухні і ў ім ўдзельнічаюць нават 90 адсоткаў людзей, але гэта не праяўляецца публічна, то складваецца ўражанне, што ўсіх усё задавальняе і нішто нікога не клапоціць.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя