Ці трэба скарачаць урад?



Старшыня руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч распавёў, чаму магчымыя перастаноўкі ва ўрадзе не зменяць агульнай сітуацыі.

Нагадаем, што не так даўно новапрызначаны прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас заявіў, што 36 сябраў урада для невялікай Беларусі – гэта шмат. Ці варта чакаць скарачэнняў?

Юрась Губарэвіч: Любая бюракратычная сістэма схільная да пашырэння і павелічэння, гэта законы бюракратыі. Яны заўсёды знойдуць, чым абгрунтаваць сваю прысутнасць. Таму аптымізацыя, думаю, патрэбна. Іншая рэч, што рэфармаванне дзяржаўнага апарата ў Беларусі праходзіць своеасабліва – займаюцца проста перастаноўкай крэслаў. Таму не так істотна, колькі гэтах самых крэслаў застанецца ў пакоі – 36 альбо 26.

Рэформы трэба пачынаць абсалютна з іншага. Кожны чыноўнік мусіць адчуваць сваю самастойнасць і персанальную адказнасць за працу, а не быць проста марыянеткай, якой даюць невыканальныя загады, а затым пасля публічнай поркі выкідваюць чарговы раз за дзверы. Вось з гэтага трэба пачынаць рэфармаванне ўрада. Тады можа нешта і атрымаецца. Інакш, пакуль усё кіруецца з аднаго цэнтра, які адказнасць на сябе браць ні ў якім разе не хоча, будзем мець тое самае, што ёсць.

РР: Можна сказаць, што Румас выступіў супраць бюракратычнай сістэмы альбо заявы маюць больш папулісцкі характар?

Юрась Губарэвіч: Можа быць і тое, і тое. Мы ж бачым, што сённяшняя сістэма не спраўляецца з задачамі, але самае простае – пачаць са скарачэння. Гэта рэальна зменіць эканамічную сітуацыю да лепшага? Не думаю, бо праблемы ў іншым.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота БелТА