Ці цікавяцца беларусы парламенцкімі выбарамі?



Актывіст Арцём Чарняк, які ўдзельнічае ў парламенцкай кампаніі ад “Еўрапейскай Беларусі”, распавёў пра тое, як народ ставіцца да апазіцыі і выбараў.

Арцём Чарняк: Хачу сказаць, што ўжо амаль усе прадстаўнікі “Еўрапейскай Беларусі” назбіралі па тысячы неабходных подпісаў. На мой погляд, гэта добры вынік.

РР: Ці цікавяцца людзі парламенцкімі выбарамі?

Арцём Чарняк: Цікавяцца, але не вераць у іх эфектыўнасць і ставяцца да ўсяго гэтага працэса вельмі спецыфічна. То бок, ім бы можа і цікава было паўдзельнічаць у рэальным выбарчым працэсе, але многія кажуць так: усё роўна мой голас нічога не вырашыць, бо прызначаць таго кандыдата, якога захочуць.

РР: А як ставяцца да апазіцыі?

Арцём Чарняк: Будзе няпраўдай, калі скажу, што абсалютна ўсе супраць улады, але многія дэмакратычныя сілы і падтрымліваюць. Людзям прыемна выказаць падтрымку хаця б словамі, некаторыя спадзяюцца, што ў краіне яшчэ можна нешта змяніць.

РР: Якія планы пасля таго, як збераце неабходную колькасць подпісаў?

Арцём Чарняк: Сыходзіць з выбарчай дыстанцыі я не збіраюся, таму пабачым, на якой стадыі закончыцца для мяне гэтая кампанія.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя