Ці цікавыя Захаду беларускія палітвязні?



Кіраўнік праваабарончай арганізацыі “Платформа” Андрэй Бандарэнка распавёў, чаму зараз палітвязняў не выпускаюць на волю раней часу.

Днямі выйшаў на волю палітычны зняволены Зміцер Паліенка, але адбыў ён тэрмін зняволення, што называецца, ад званка да званка. Хаця мы яшчэ памятаем часы, калі ўлады  вымушаны былі лічыцца з ціскам Захаду і выпускаць палітвязняў датэрмінова.

Андрэй Бандарэнка: Палітыка Захада сёння цалкам сканцэнтравана на Расеі, і Беларусь у іх павестцы дня адыйшла на другі план. Суадносна, на той жа план адыйшла і сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі, што заўсёды было праблемай, якая актыўна абмяркоўвалася на розных міжнародных пляцоўках. Зараз такога няма. Дарэчы, свой унёсак у такую пазіцыю еўрапейцаў зрабілі і некаторыя нашыя праваабаронычыя структуры, якія таксама маргіналізаваліся пад новую палітыку ўладаў.

РР: Што Вы маеце на ўвазе?

Андрэй Бандарэнка: У ААН і АБСЕ часам гучалі заявы, што ў Беларусі не ўсё так дрэнна, маўляў, у Казахстане яшчэ горш. Думаю, у кулуарах гэтыя тэзісы набывалі брутальны характар. Нават калі б у Захада і было імкненне на жорсткі дыялог з беларускімі ўладамі, то такія заявы адбілі б усю ахвоту. Вось, напрыклад, кіраўнік БХК Алег Гулак уваходзіць у Грамадскую назіральную камісію пры Мінюсце, якая мае права наведваць калоніі для сустрэч з вязнямі. Але ж ён ні разу не сустрэўся ні з адным палітвязнем, хаця камісмія была ў калоніі, дзе адбывае пакаранне Міхаіл Жамчужны. Калі гэта было немагчыма, то чаму праблема не падымалася ва ўсіх СМІ? І якія высновы пасля гэтага могуць зрабіць міжнароднікі? Яны вырашаць, што ў Беларусі ўсё ў парадку з правамі чалавека.

РР: У палітвязня Міхаіла Жамчужнага таксама няма шанцаў выйсці на волю раней часу?

Андрэй Бандарэнка: Міхаіл у такой сітуацыі – закладнік і спадзявацца на змены складана. Тым не менш, мы не пакідаем яго і падтрымліваем, як можам.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Новы Час