Ці ўдасца беларускай уладзе “прадаць выбары” Захаду?
Намеснік старшыні руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч распавядае, пры якіх умовах Захад можа прызнаць прэзідэнцкія выбары ў Беларусі.
Былы ідыёлаг і старшыня Белтэлерадыёкампаніі Аляксандр Зімоўскі, які зараз працуе медыякансультантам у Пецярбургу, сцвярджае, што вынік будучых прэзідэнцкіх выбараў беларусы лічаць вядомым. І гэта, маўляў, ужо праблема не апазіцыі, а ўлады. Бо вынік выбараў трэба легімітызаваць і “прадаць на Захад”, піша euroradio.fm.
Дык ці ўдасца прадаць “тавар” заходнім “пакупнікам”?
Юрась Губарэвіч: Відавочна, што сёння і апошні год беларускія ўлады ідуць на паляпшэнне стасункаў з Захадам. Ёсць для гэтага і пэўныя спрыяльныя ўмовы. У першую чаргу – гэта нейтральная палітыка Беларусі ў адносінах да ўкраінскай праблемы. Я думаю, што МЗС Беларусі і ў нейкай ступені кіраўнік краіны хочуць і надалей развіваць гэты поспех, таму выбары і насамрэч – адно з галоўных пытанняў. І, калі мы не назіраем зрухаў у сітуацыі з вызваленнем палітвязняў, то, мяркую, будуць спробы паказаць змены падчас выбарчай кампаніі. Канк’юктура таксама складаецца на руку ўладзе. Нягледзячы на пэўныя праблемы ў эканоміцы, людзі не гатовы пратэставаць публічна. Акрамя таго, з боку апазіцыі адсутнічае адзіны прадстаўнік, які б меў да выбаршчыкаў адзінае пасланне і ствараў больш-менш рэальную альтэрнатыву Лукашэнку. Таму за вынікі выбараў можна быць спакойнымі, калі казаць пра ўладу. Думаю, яна пастараецца зрабіць бачнасць лібералізацыі ў дробязях, якія, натуральна, не будуць тычыцца кантролю за падлікам галасоў.
РР: На ваш погляд, якія мінімальныя ўмовы ўлада павінна выканаць, каб Захад прызнаў выбары?
Юрась Губарэвіч: Хутчэй за ўсё не будзе ісці размова пра прызнанне выбараў, бо касметычных зменаў тут недастаткова. Але Захад зможа канстатаваць пэўныя паляпшэнні, што дапаможа зрабіць крок як афіцыйнаму Менску ў бок Захаду, так і наадварот.
РР: Увогуле, ці ёсць сёння ў Захада попыт на такі “тавар”, як беларускія выбары?
Юрась Губарэвіч: Ёсць попыт на стабільнасцць ва ўсходнім рэгіёне Еўропы, і любыя крокі з боку беларускай ўлады, якія б дэманстарвалі жаданне супрацоўнічаць, дамаўляцца пра нешта, будуць успрымацца пазітыўна.
РР: А як жа прынцыповае пытанне вызвалення палітвязняў?
Юрась Губарэвіч: Тэма палітвязняў працягвае гучаць, заходнія палітыкі гавораць пра тое, што ідэальным крокам для збліжэння было б вызваленне “палітычных”. Але беларускі рэжым адчувае сябе сёння досыць упэўнена, каб не ісці на гэты крок.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя