Ці ўкараняцца афіцыйныя прафсаюзы на прыватных прадпрыемствах?



“Прыватнікі пабаяцца супрацьстаяць дзяржаве”, – лічыць былы кіраўнік Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Уладзімір Ганчарык.

Уладзімір Ганчарык

Лідар афіцыйных прафсаюзаў Міхаіл Орда папрасіў Лукашэнку пасадзейнічаць стварэнню прафсаюзаў у прыватных арганізацыях. Апошні адгукнуўся і даў распараджэнне стварыць да сярэдзіны 2016 году на прадпрыемствах усіх форм уласнасці прафсаюзныя арганізацыі “чаго б нам гэта ні каштавала”. Ці пагадзяцца самі кіраўнікі прадпрыемстваў на такую ініцыятыву?

Уладзімір Ганчарык: Не даводзіцца сумнявацца, што афіцыйныя прафсаюзы ўкараняцца і на прыватных прадпреымствах. Задача пастаўлена Кабякову, яму трэба будзе праз час трымаць справаздачу, таму зараз кінуць усе сілы, каб ініцыятыва зверху знайшла сваё месца на практыцы. Хоць па сутнасці гэта падмяняе сутнасць існавання і прызначэння саміх прафсаюзаў, якія па нашаму закону і Працоўнаму кодэксу павінны самастойна стварацца на прадпрыемствах. Ніхто не павінен прымушаць іх ствараць, гэта справа добрай волі.

РР: Якім чынам могуць абавязаць прыватнікаў стварыць прафсаюзныя арганізацыі?

Уладзімір Ганчарык: Вельмі проста – па камандзе. І, каб не мець непрыемнасцей у адносінах да свайго бізнесу з боку іншых дзяржаўных структур, прыватнікі пойдуць на такі крок. Хоць усё гэта будзе фармальна. Людзі аб’ядноўваюцца ў прафсаюз, калі ў гэтым ёсць неабходнасць. Прафсаюзы павінны займаць самастойную пазіцыю. Увогуле, у іх тры накірункі дзейнасці: свабода аб’яднання, барацьба за прыстойныя заробкі і ўмовы працы і салідарнасць у дасягненні мэтаў.

РР: Навошта зараз дзяржаве спатрэбілася ўкараніць прафсаюзы на прыватных прадпрыемствах?

Уладзімір Ганчарык: Бо гэта яшчэ адзін інструмент уплыву на працоўныя калектывы. Тым больш, перад такой значнай падзеяй, як прэзідэнцкія выбары.

РР: Можа быць, у такой сітуацыі адкрываецца новае поле дзейнасці і для незалежных прафсаюзаў?

Уладзімір Ганчарык: У мяне сумненні, што прыватнікі захочуць мець справу з незалежнымі прафсаюзамі. Пабаяцца. Але зараз апошнім і на самай спрве трэба праяўляць больш актыўнасці, нягледзячы на абмежаваныя магчымасці. Трэба паспрабаваць дагрукацца да людзей. Паказаць на справе, хто і на што здольны. Тым больш, што эканамічная сітуацыя ў краіне гэта дазваляе рабіць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя