Ці ўвойдзе Беларусь у склад Расеі?



Ультыматум Пуціна-Мядзведзева істотна падвышае верагоднасць правядзення рэферэндуму ў Беларусі фактычна па пытанні далучэння да Расеі.

Такую думку выказаў экс-старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі, а зараз кіраўнік цэнтру „Еўрапейскі дыалог” Анатоль Лябедзька.

– Калі на рэферэндуме грамадзяне Беларусі пракатваюць пытанне ў такой фармулёўцы: ці пагаджаецеся вы фактычна ўвайсці ў склад Расейскай Федэрацыі, альбо напісаць больш мякка – адзіны грашовы цэнтр, адзіная мытня (фактычна мяжа), адзіныя кантралюючыя органы і так далей, і калі большасць людзей скажа “не”, то Лукашэнка, з яго пазіцыі, выглядае дастаткова моцным. Супраць людзей, супраць народа ніхто не пойдзе і не папрэ.  Гэта зрабіць складана нават Пуціну з Крамля.

У сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка заявіў, што  суверэнітэт для Беларусі – гэта святое. «Калі нас хочуць падзяліць на вобласці і ўпіхнуць у Расею — гэтага не будзе ніколі”. Так Аляксандр Лукашэнка на прэс-канферэнцыі для расейскіх журналістаў пракаментаваў словы Дзмітрыя Мядзведзева аб «больш паглыбленай інтэграцыі з Расеяй».

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя