Ці ўвойдзе ў гісторыю Кангрэс за Незалежнасць Беларусі?



Старшыня Рады беларускай інтылігенцыі Уладзімір Колас распавядае, ці можна Кангрэс за Незалежнасць Беларусі лічыць гістарычнай падзеяй для краіны і чаму многія прадстаўнікі апазіцыі праігнаравалі гэтае мерапрыемства.

Уладзімір Колас: Я б не казаў пра гэты форум пафасныя словы. Прайшло сціплае мерапрыемства, масштабы якога больш будуць залежыць ад таго, як далей стануць развівацца падзеі, як да гэтага паставіцца грамадства, і як будуць дзейнічаць тыя, хто арганізаваў Кангрэс. Важна зрабіць гэта да канца 2014 году, бо над Беларуссю па-ранейшаму навісае пагроза рэалізацыі эканамічнага пагаднення ЕўраЗЭС, якое яшчэ больш засмоктвае Беларусь у непразрыстыя і недасканалыя стасункі перадусім з Расеяй, якая зараз пераўтвараецца ў імперыю і не хавае гэтага. Менавіта таму трэба было засведчыць, што ў Беларусі ёсць людзі, якія супраць гэтага. Гэта толькі старт акцыі па збору подпісу і па кансалідацыі тых, хто жадае незалежнасці краіне.

 РР: На ваш погляд, ці дасягнуў Кангрэс тых мэтаў, якія ставіў перад сабой?

 Уладзімір Колас: Мне здаецца, што дасягнуў, бо на яго сабраліся прадстаўнікі з усіх рэгіёнаў. Хоць, натуральна, іх магло быць і больш. Прайшло абмеркаванне дакумента, былі даволі цікавыя выступы, была абрана Рада Кангрэса… Такія мерапрыемствы будуць працягвацца і надалей. Так што гэтая справа з працягам.

 РР: Ці можна сказаць, што многія дэмакратычныя сілы праігнаравалі форум? І чаму так адбылося?

 Уладзімір Колас: Безумоўна, можна, але ці варта тут ужываць слова “сілы”? Напэўна, ў гэтым выпадку была якраз дэманстрацыя бяссілля. Што казаць, калі нават такая значная і балючая падзея для людзей, як схаваная дэвальвацыя рубля, па сутнасці засталася па-за ўвагай апазіцыі. На жаль, усё гэта даволі прадказальна.

 Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя