Ці ўвядзе Еўразвяз 15 лістапада пяты пакет санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі?
Рада Еўразвязу 15 лістапада разгледзіць пытанне санкцыяў супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі за арганізацыю міграцыі ў Еўразвяз. Аднак сам пяты пакет санкцый будзе прыняты пазней. Пра гэта са спасылкай на карэспандэнта DW у Брусэлі паведамляе партал DELFI.
На паседжанні ў панядзелак зацвердзяць юрыдычныя межы, неабходныя для ўвядзення санкцый. Рада Еўразвязу прыме новыя крытэры для ўнясення фізічных або юрыдычных асоб у санкцыйны спіс. Яны закрануць тых фізічных або юрыдычных асоб, якія садзейнічаюць траплянню трэціх асоб у Еўразвяз.
Падрыхтоўка гэтага рашэння ўжо завершаная, але да 15 лістапада ў дакуменце нешта можа змяніцца. Для больш эфектыўнага ўздзеяння Еўразвяз будзе каардынаваць новыя абмежавальныя меры з іншымі краінамі, у прыватнасці з ЗША Вялікабрытаніяй і Канадай.
Беларускае Радыё Рацыя
