Ці ўжыве ўлада рэпрэсіі супраць Мікалая Статкевіча?



Палітолаг Валерый Карбалевіч распавядае пра тое, як улада можа «ацаніць» палітычную актыўнасць нядаўняга палітвязня Мікалая Статкевіча пасля выхаду апошняга на волю.

РР: Крыху больш за месяц прайшло з таго часу, як экс-кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч выйшаў на волю. Палітык актыўна ўключыўся ў палітычнае жыццё — праводзіць пікеты, сустракаецца з выбарцамі… Ці можа ўлада ўжыць супраць яго рэпрэсіі перад выбарамі альбо пасля іх?

 — Думаю, будуць чакаць заканчэння выбарчай кампаніі. І, пакуль яна працягваецца, усе рэпрэсіі супраць спадара Статкевіча, хутчэй за ўсё, абмяжуюць штрафамі. Але ж кампанія хутка заканчваецца. Пасля яе, мяркую, і сам Мікалай Статкевіч крыху прыцішыць сваю актыўнасць. Па-першае, цяпер ён гуляе на тым, што ў звязку з выбарамі беларускае грамадства так ці інакш, але ў нейкай ступені палітызаванае. І рэакцыя людзей на заявы ці прапановы палітыкаў большая, чым у звычайнай сітуацыі. Па-другое, цяпер імя былога палітвязня на слыху, ён карыстаецца вялікай увагай. Але пасля выбараў палітызацыя схлыне. І, як мне падаецца, пасля 11 кастрычніка ўлады будуць больш жорстка перапыняць публічныя акцыі.

 РР: На апошняй акцыі Мікалай Статкевіч агучыў адну з задач: выціскаць страх з беларускага грамадства. Ці ўдасца?

— Страх у грамадстве — крыху іншае паняцце, чым нешматлюдны пікет. Гэта доўгатрывалая з’ява, таму, баюся, аднаму Статкевічу нават пры ягонай мужнасці і смеласці аднаму наўрад ці пад сілу справіцца.

 РР: Увогуле, як вы ацэньваеце актыўнасць Мікалая Статкевіча пасля выхаду з турмы?

— Станоўча. Гэта мужны нязломны чалавек. І тое, што ён карыстаецца момантам, можна толькі вітаць. Статкевіч, як палітык, адчувае сваю сілу і выкарыстоўвае яе. Пытанне ў тым: што далей? Шмат якія палітвязні выходзілі з турмы, а праз нейкі час знікалі з палітычнага поля. Па той простай прычыне, што ў Беларусі няма палітыкі. Няма той палітычнай сферы, дзе можна сябе праявіць: парламенцкай трыбуны, увагі дзяржаўных СМІ… Застаецца апеляваць толькі да той часткі грамадства, якая апазіцыйна накіравана. У Мікалая Статкевіча няма структур, але ёсць імя. Гэта моцны капітал. Але гэты капітал растрачваецца па меры таго, як заявы не падсілкоўваюцца нейкімі дзеяннямі. А якія могуць быць дзеянні ва ўмовах беларускага рэжыму?

 Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя