Ці варта апазіцыі ісці на парламенцкія выбары?
Палітолаг Сяргей Нікалюк распавядае пра шанцы беларускай апазіцыі патрапіць у парламент.
Нагадаем, што некаторыя апазіцыйныя структуры ўжо заявілі пра ўдзел у парламенцкай кампаніі і зараз актыўна вядуць падрыхтоўку да яе. Але на які вынік яны разлічваюць?
Сяргей Нікалюк: Калі казаць пра шанцы патрапіць у крэсла дэпутата, то вынік будзе нулявы. І, калі нехта думае, што ўлады, каб стварыць выгляд лібералізацыі, могуць прапусціць у парламент некалькі апазіцыянераў, той глыбока памыляецца. Апазіцыя ніяк не можа зразумець, што яна функцыянуе па заходняму ўзору. Але ўлада функцыянуе па свайму. Самая галоўная задача ўлады – не дапусціць палітычнай канкурэнцыі. Таму не важна, ці ў нас аб’яднаная апазіцыя, ці неаб’яднаная. Тыя, хто пойдуць на выбары, будуць канкурыраваць не з прадстаўнікамі ўлады, а з усёй дзяржавай – Цэнтрвыбаркамам, сілавікамі… Гэта першы рубеж дзяржавы. Ёсць у апазіцыі шанцы прарваць гэты першы рубеж?
РР: Ці мае тады сэнс наогул удзельнічаць апазіцыі ў парламенцкай кампаніі?
Сяргей Нікалюк: Мае, безумоўна. Толькі для гэтага трэба ставіць суадносныя задачы, а не кідацца ў фантазіі, што нехта стане дэпутатам. Апазіцыя ва ўмовах моцнай дзяржавы можа ісці на выбары з дзвума мэтамі. Першая гучыць па прынцыпу “не дагонім – дык сагрэемся”. Удзел у выбарчай кампаніі – гэта ўдзел людзей у сумесным дзеянні. Калі настане рэальны момант паслаблення ўлады, то паўстане пытанне: у вас ёсць вопыт работы з людзьмі? У нас ёсць партыя Зянона Пазняка, якая ні ў чым не ўдзельнічае. І які вынік гэтага няўдзелу? Другая задача апазіцыі падчас выбараў – паказаць тыя непапулярныя дзеянні ўлады, якія яна робіць. Адна справа казаць пра гэта тады, калі расце ўзровень жыцця насельніцтва, і зусім іншая заяўляць пра гэта сёння. Улады нам кажуць пра знешні эканамічны крызіс, але апазіцыя павінна паказаць і даказаць народу адваротнае. Гэта нічога не пераверне, але будуць адпрацоўвацца структуры. І пры гэтым абсалютна не важна, ці ўся апазіцыя пойдзе на выбары, альбо нехта іх праігнаруе. Рэальнай барацьбы ўсё роўна не будзе. Але пойдзе на выбары дзесяць палітычных апанентаў улады – значыцца дзесяць будуць мець рэальную магчымасць выказацца і паказаць людзям, да чаго іх давяла ўлада.
Кастусь Забллоцкі, Беларускае Радыё Рацыя