Ці варта было прымаць удзел у выбарах?
Парламенцкія выбары прайшлі ў Беларусі па традыцыйным сцэнары – празрыстага падліку галасоў не было, як не было ва ўчастковых камісіях і прадстаўнікоў дэмакратычнай грамадскасці. Ці варта было тады наогул прымаць удзел у такім сумнеўным мерапрыемстве?
Аляксандр Бухвостаў: Складана знайсці ў чарговых выбарах пазітыў. Найперш трэба сказаць, што гэтая кампанія паказала – парламенцкія выбары і ўладзе асабліва не патрэбныя. Працэс пераўтвараецца ў фармальнасць, у фікцыю палітычнага мерапрыемства.
Уладам патрэбна было, каб Захад таксама прызнаў гэтую фікцыю, але ж яны наогул нічога не зрабілі, каб быў бачны хоць нейкі прагрэс. Больш за тое – плявалі ў вочы і казалі, што гэта Божая раса. А затым яшчэ і назіральнікаў абвінавачвалі. Я разумею, што лепшая абарона – нападзенне, але ж не трэба трымаць людзей за ідыётаў.
РР: Вы не расчараваліся ў тым, што выдаткавалі час на парламенцкую кампанію?
Аляксандр Бухвостаў: Мы не ставілі задачу атрымаць дэпутацкі мандат. Задача была – яшчэ раз прарэкламаваць наш незалежны прафсаюз, праводзіць агітацыю без аніякіх дазволаў. Таму былі сустрэчы з людзьмі, мы раздавалі свае матэрыялы – больш за 3 тысячы улётак. Выкарысталі выбары для таго, каб правесці працу па прапагандзе незалежных прафсаюзаў, таму для нас гэта – не пустая справа.
Паўтаруся, на перамогу ніхто не спадзяваўся, бо мы – не наіўныя людзі. Цудоўна разумеем, што пры сённяшняй сістэме парламент фармуецца ў іншых кабінетах.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя