Ці варта ісці галасаваць?



Ці варта ісці галасаваць 17-га лістапада? Сваім меркаваннем дзеліцца  гарадзенскі назіральнік ад кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімір Хільмановіч.

– Мы не можам заклікаць галасаваць ці не галасаваць. Кожны павінен ацаніць самастойна, ці ягоны голас будзе ўлічаны. Нехта, канешне, змушаны па працы, па месцы вучобы ісці галасаваць. Але людзі ўжо ўсё больш разбіраюцца, што значаць гэтыя выбары, якая іх сутнасць.

На думку Уладзіміра Хільмановіча, парламенцкія выбары ў Беларусі адбываюцца паводле звыклага сцэнару. Аднак ёсць эмацыйнае адрозненне:

– Знешне нейкая такая нервовасць, я б нават сказаў на мяжы гістэрыкі з боку тых сябраў камісіі, старшынь камісіі. Таму што нейкі дзіўны загад, відаць, зверху пайшоў пра хутчэйшае павелічэнне яўкі на папярэднім галасаванні. І таму гэты загон яшчэ больш яскравы стаў.

У Гародні на выбарчым участку №11 51-й акругі ў апячатаным пакоі перагарнуўся дзяржаўны сцяг. Палотнішча, якое вісела дагары нагамі, раптам перакулілася ў правільным кірунку. Прытым, што незалежныя назіральнікі прысутнічалі пры апячатванні і распячатванні памяшкання.

Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя