Ці варта верыць у словы Лукашэнкі пра славянскае братэрства?



„Неабходна як мага хутчэй ліквідаваць трэшчыну ў славянскім адзінстве і спыніць вайну ва Украіне“, – заявіў Аляксандр Лукашэнка на свяце „Купалле” ў аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна. „Сёння трэба прыкласці ўсе намаганні, каб спыніць братазабойчую і крывавую вайну ў нашай паўднёвай суседцы — братняй Украіне. Гэта сёння сур’ёзная праблема нашага славянства”, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Лідар Руху „За Свабоду“ Аляксандр Мілінкевіч кажа, што не звяртае ўвагі на гэтыя заявы пра так званае братэрства, у тым ліку з Расеяй:

– Я не звяртаю ўвагі на тое што кажуць на чарговай сустрэчы. “Станем спіной да спіны, будзем абараняцца!”. Тады Пуціну прыйдзецца ад Кітая абараняцца, а нам ад НАТО? Я думаю, што гэта лозунгі, якія вялікага сэнсу не маюць. Завярэнні ў вечным сяброўстве, а сяброўства гэта хісткае.

Былы палітычны вязень, адзін з лідараў „Маладога Фронту“ Зміцер Дашкевіч лічыць, што Лукашэнка сам сябе завядзе ў пастку:

– Лукашэнка ўчора па-беларуску размаўляў, а сёння ўжо Пуціну клянецца, што мы будзем абараняцца спіной да спіны. Гэтая пазіцыя яму дазваляе ў пэўнай ступені трымацца, хоць яна, я перакананы, у рэшце рэшт прывядзе да таго, што ён будзе ворагам для ўсіх.

Прыгадаем, што ў час візіту Уладзіміра Пуціна, Лукашэнка заявіў пра змаганне „спіной да спіны“ разам з братнім расейскім народам.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота news.rambler.ru