Ці важная для апазіцыі дата правядзення прэзідэнцкіх выбараў?
Найбольш верагоднай датай правядзення прэзідэнцкіх выбараў старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына назвала нядзелю 15 лістапада 2015 года. Ці задаволіць апазіцыю гэтая дата? Пра гэта распавядае старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі Уладзімір Колас.
Уладзімір Колас: Рэч зусім не ў датах. Я казаў і кажу, што, на жаль, нашы дэмакратычныя сілы знаходзяцца ў самым горшым стане. Трэба прызнаць, што ў гэтым вінаваты не толькі ўлады, хоць яны таксама ствараюць сітуацыю, калі палітычнае змаганне немагчымае, а супраць палітычных апанентаў выкарыстоўваюцца незаконныя і амаральныя захады. Але ж і сама апазіцыя ў гэтых умовах не робіць належных высноваў і не будуе свае дзеянні адпаведным чынам.
РР: А можа якраз і зрабіла выснову з мінулай выбарчай кампаніі, калі амаль усе кандыдаты ў прэзідэнты апынуліся за кратамі?
Уладзімір Колас: Ніякія высновы не зроблены ні з мінулай, ні з пазамінулай кампаній. Тое, што за кратамі апынуліся пэўныя людзі – гэта далёка не ўсё. Трэба думаць: чаму апынуліся за кратамі? Што ўвогуле адбылося? Чаму пайшлі на плошчу, не маючы ніякага плана? Чаму пайшлі на выбары шматлікімі калонамі і расцягнулі галасы? Адным словам, сёння з апазіцыйнымі сіламі мала хто звязвае рэальныя спадзяванні. А людзі, якія далёкія ад палітыкі, але хацелі б дэмакратычных пераменаў, ніколі не будуць ахвяраваць сваім дабрабытам і свабодай.
РР: Ярмошына мяркуе, што на выбарах будзе не больш за 15 кандыдатаў…
Уладзімір Колас: Колькі ўлада захоча, столькі і зробіць кандыдатаў. І рэч наогул не ў колькасці. Той якасці, якая нам патрэбная, не будзе. Палітычнага змагання ў нашай сітуацыі не існуе – гэтая акалічнасць і вызначыць стаўленне да выбараў, якіх у нас па сутнасці няма. Каб выбары насамрэч сталі дэмакратычнымі, трэба каб скансалідавалася грамадства і паставіла ўлады ў такія ўмовы, з якіх не выкруціліся б. Але грамадства маўчыць.
РР: Мне здаецца, што грамадства ўжо змірылася з існуючым становішчам і махнула рукой і на ўладу, і на апазіцыю…
Уладзімір Колас: Пакуль гэта так. Трэба аддаць належнае ўладзе, бо яна падтрымлівае сацыяльную планку на тым узроўні, каб не было выбухаў у грамадстве. І ў той жа час заганяе сітуацыю ў такое эканамічнае становішча, што з часам становіцца толькі горш. Усё гэта адбываецца за кошт нейкіх астранамічных крэдытаў, прадаюць дзяржаўную маёмасць… Рана ці позна, але казка закончыцца, што прывядзе да сур’ёзных наступстваў. Але людзі пра гэта не думаюць, яны хочуць жыць сённяшнім днём.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота by24.org