Ці выгадная супраца паміж Беларуссю і КНДР? (абноўлена)



Падабенства падыходаў Беларусі і КНДР у многіх міжнародных пытаннях адзначыў Уладзімір Макей.

Такую заяву кіраўнік міністэрства замежных спраў зрабіў па выніках перамоваў са сваім карэйскім калегам Лі Су Ёна.

Беларускі міністр выказаў упэўненасць, што адносіны паміж дзяржавамі маюць ня выкарыстаны патэнцыял, і гэты візіт надасць новы штуршок беларуска-карэйскім кантактам:

Беларусь адкрыта ўзаемадзейнічае з Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікай. Нашы краіны маюць агульныя мэты – развіццё стабільнай і незалежнай эканомікі, дабрабыту нашых народаў. Мы спадзяемся, што сустрэчы ва ўрадзе, наведванне вядучых прамысловых прадпрыемстваў-экспарцёраў пройдзе ў канструктыўнай атмасферы.

У сваю чаргу кіраўнік МЗС-у Паўночнай Карэі адзначыў, што для яго краіны найбольш важным з’яўляецца блок эканамічных пытанняў, умацаванне менавіта эканамічных адносінаў.

Беларусь зацікаўленая ў шырокамаштабным супрацоўніцтве з Паўночнай Карэяй. Пра гэта заяўляе кіраўнік беларускай дыпламатыі Уладзімір Макей, які прымае сёння ў Менску міністра замежных спраў КНДР. З аднаго боку беларускія чыноўнікі ездзяць дамаўляцца ў Брусель, з другога – хочуць гандляваць з Паўночнай Карэяй.

„Беларусь ніколі не была скіраваная на развіццё супрацоўніцтва з дэмакратычнымі краінамі,” – каментуе палітолаг Павел Усаў:

– Беларусі трэба шукаць як мага больш рынкаў збыту. І нават апошнія дыктатуры ў свеце з’яўляюцца прыязнымі для Беларусі, калі там можна збываць прадукцыю, якая па-сутнасці больш нікому не патрэбная. Таму тут абсалютна рацыянальны, меркантыльны падыход да міжнародных адносінаў. Збліжэнне з Захадам па-сутнасці ніяк не адбіваецца ні на ўнутранай, ні на знешняй палітыцы Беларусі.

Кіраўнік дыпламатыі КНДР Лі Су Ён адзначыў, што адносіны Беларусі і Паўночнай Карэі „маюць глыбокія карані і даўнюю гісторыю”. На думку Паўла Усава, гэты агульны фактар – антызаходняя пазіцыя абедзвюх дзяржаваў.

Магчымасці гандлёва-эканамічнай супрацы дзвюх краінаў таксама каментуе беларускі эканаміст Леанід Заіка:

– Беларусь можа пастаўляць туды вялікагрузныя аўтамабілі – карэйцы ж ракеты любяць рабіць. Пастаўляць туды нашы прадукты харчавання, якія спатрэбяцца і там – яны ж не вельмі шыкуюць. Вопратка, абутак – „Беллегпрам” можа туды проста перабрацца разам з дырэктарамі сваімі, там і шыць і гатаваць і г.д. Па імпарту Паўночная Карэя – гэта морапрадукты ў невялікімі выбары, бо ў іх добрыя морапрадукты.

Эканаміст прыгадвае і экзатычны праект, калі ў Беларусь паставілі дзясятак аўтамабіляў з КНДР. Агулам жа аб’ёмы імпарту-экспарту паміж дзвюма краінамі – абсалютна невялікія, паколькі Паўночная Карэя найперш абапіраецца на ўласныя сілы.

Беларускае Радыё Рацыя