Ці вырашыцца ў Сочы пытанне расейскай авіябазы?
Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць на самым высокім узроўні. Такое меркаванне выказаў сёння кіраўнік Расеі Уладзімір Пуцін на сустрэчы з беларускім калегам Аляксандрам Лукашэнкам.
Лукашэнка адзначыў, што Беларусь і Расея пастаянна трымаюць на кантролі як праблемы, якія існуюць у іх дачыненнях, так і станоўчыя моманты.
Візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Сочы планавы. Гэта дэманстрацыя беларускаму электарату, што ў стасунках з Расеяй усё добра. Аднак, на думку палітычнага аглядальніка Валера Карбалевіча, пытанне расейскай авіябазы ў Беларусі яшчэ не будзе закрыта.
– Лукашэнка ўсё гэта хоча атрымаць, не размяшчаючы авіябазы, прынамсі, не прымаючы рашэння пра гэта. Вось і ідзе гандаль. Я думаю, што Лукашэнка да апошняга будзе цягнуць, будзе шукаць розныя хітрыкі, каб гэтыя авіябазы не размяшчаць. Бо яму гэта зусім нявыгадна.
Размовы пра стварэнне авіябазы вядуцца ўжо некалькі гадоў. У пачатку гэтага месяца Расея завяршыла працэдуру ўзгаднення міждзяржаўнай дамовы, але інфармацыі пра ўзгадненні ад беларускага боку пакуль няма. Дзе і калі з’явіцца расейскі вайсковы аб’ект – афіцыйныя агенцтвы не паведамляюць.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя