Ці вызваляць палітзняволеных да выбараў?



Былы палітвязень Зміцер Дашкевіч распавядае, ці могуць апынуцца на волі да пачатку прэзідэнцкіх выбараў беларускія палітзняволеныя, і навошта ўладзе прашэнні аб памілаванні.

Zmicer-Dashkevich-8

Вызваленне палітвязняў да Рыжскага саміта Усходняга партнёрства ў траўні гэтага году можа стаць для Беларусі першым крокам на шляху да безвізавага рэжыму з краінамі Еўразвязу.

Аб гэтым заявіў днямі партал EURObserver са спасылкай на кіраўніцтва МЗС Латвіі, якая з пачатку гэтага году старшынствуе ў Савеце ЕС.

Што гэта: чарговы інфармацыйны ўкід ці рэальная перспектыва таго, што палітвязні выйдуць з-за кратаў?

Зміцер Дашкевіч: Мы ўсё гадаем, ці могуць выйсці на волю палітвязні, але не ведаю, што зменіцца ад гэтых гаданняў… Бо людзі працягваюць знаходзіцца за кратамі і, мне здаецца, няма ніякіх сігналаў, што нешта ў краіне змяняецца. Да таго ж, трэба разумець, што палітвязні ў краіне – гэта механічны працэс. Адных вызваляюць – іншых саджаюць на іх месца.

РР: Аднак жа дыялог паміж беларускай уладай і Еўропай у апошні час актывізаваўся. Можа гэта стане нагодай для вызвалення “палітычных”?

Зміцер Дашкевіч: Гульня ў дыялогі ідзе не першы год і не першы раз. Але, мяркую, беларуская ўлада не адмовіцца ад схемы “вызваляем адных – саджаем іншых”.

РР: З’явілася інфармацыя, што вызваленне палітвязняў можа стаць для Беларусі першым крокам на шляху да безвізавага рэжыму з краінамі Еўразвязу.

Зміцер Дашкевіч: Разумееце, калі б беларускі народ мог вызваляць палітзняволеных дзеля бязвізавага рэжыму, то ён гэта зрабіў сёння ж. Аднак не думаю, што беларуская ўлада зацікаўлена ў бязвізавым рэжыме з ЕЗ. І, тым больш, гэта ніяк не паўплывае на вызваленне палітвязняў.

РР: Калі б былы кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч, які да гэтага часу знаходзіцца за кратамі, напісаў прашэнне аб памілаванні, то яму абяцалі вызваленне. Няўжо гэтае прашэнне такое прынцыповае пытанне для ўлады?

Зміцер Дашкевіч: Надзвычай прынцыповае, тым больш, што Мікола Статкевіч прэтэндаваў на прэзідэнцкую пасаду. Мікола – маральны аўтарытэт, таму, натуральна, ад яго чакаюць прашэння. Яно азначала б паражэнне Статкевіча і перамогу ўлады. Маральную перамогу.

РР: Зараз Мікалая Статкевіча перавялі з турмы ў Шклоўскую калонію. Нейкая палёгка?

Зміцер Дашкевіч: Я знаходзіўся ў гэтай калоніі напачатку 2008 году, але ж парадкі ў “зоне” змяняюцца. Раней былі адны – зараз, можа быць, іншыя. Статкевіч таксама ўжо быў у гэтай установе і тое, як ён там знаходзіўся, прадэманстравала, што законнасцю там і не пахне. Я наогул ніколі не сустракаўся, калі за няправільна напісаныя рэчы садзяць у ізалятар. Калі зараз ёсць нейкія замовы наконт Міколы Статкевіча, то адміністрацыя калоніі будзе гэта і рабіць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота bnp.by