Ці ёсць чым пахваліцца на Усебеларускім сходзе?
“Чарговы народны сход будзе традыцыйным “партыйна-устаноўчым” мерапрыемствам”, – мяркуе лідар кампаніі “Гавары праўду” і экс-кандыдатка у прэзідэнты Таццяна Караткевіч.
Пяты Усебеларускі народны сход пройдзе ў Менску 22-23 чэрвеня. Як паведамляецца з афіцыйных крыніц, на абмеркаванне сходу будуць вынесены пытанні аб выніках рэалізацыі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2011-2015 гады і аб асноўных палажэннях Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2016-2020 гады.
Таццяна Караткевіч: Чыноўнікі ўмеюць у нас знайсці дасягненні нават там, дзе іх няма, і заўсёды знойдуць, чым пахваліцца. Але насамрэч, мне падаецца, хваліцца і ганарыцца трэба падтрымкай у грамадстве. А мы сёння ведаем, што сярод людзей падтрымка ўлады апошнім часам зніжаецца. Хваліцца няма чым, а таму сход зробяць справаздачным. Не думаю, што ён стане дыскусійным мерапрыемствам.
РР: Адным словам, чарговы партыйны сход…
Таццяна Караткевіч: Я б сказала так: партыйна-устаноўчы. Усё, як звычайна. Кіраўнік будзе даваць указанні падначаленым, якія і стануць крайнімі ў тым, што зараз адбываецца ў краіне. А тыя будуць рабіць выгляд, што яны працуюць. Хаця, на мой погляд, (і пра гэта мы будзем казаць падчас парламенцкай кампаніі) прадстаўнікам улады патрэбна рэформа самакіравання, каб яны былі больш самастойнымі і неслі адказнасць за свае рашэнні.
РР: А вы б хацелі выступіць На усебеларускім народным сходзе?
Таццяна Караткевіч: Шчыра кажучы, пра гэта нават не думала… Але, мяркую, калі ты палітык, то павінен умець выступіць перад любой аўдыторыяй. Натуральна, трэба выкарыстоўваць любую магчымасць, каб данесці сваё альтэрнатыўнае бачанне ці рэформаў, ці прапаноў. Відавочна, што сёння патрэбен дыялог паміж тымі, хто ва ўладе, і хто мае нейкія свае погляды. Я ўчора сустракалася з міністрам працы і сацыяльнай абароны Марыянай Шчоткінай , і тая некалькі разоў падкрэсліла, што “ўсе мы жывем у адной краіне”. Але, як кажуць, слоў з песні не выкінеш. Сёння, нягледзячы на тое, што ўсе мы жывем у адной краіне, існуе і падзел на “нашых” і “нянашых”. І ён перашкаджае нам дамовіцца агулам па шматлікіх праблемах.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя