Ці ёсць годная замена Лукашэнку?



Асабліва актыўна тэма альтэрнатыўнай кандыдатуры на пасаду прэзідэнта Беларусі абмяркоўваецца апошнім часам у інтэрнэт-прасторы.

Старшыня Берасцейскай абласной арганізацыі партыі левых „Справядлівы свет” Леанід Майструк перакананы, што пасаду можа заняць прадстаўнік выканаўчай улады, або нехта з блізкага кола кіраўніка дзяржавы:

– У нашай краіне ёсць вартыя кандыдаты, якія могуць быць прадстаўленыя на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Гэта любы губернатар з нашай Беларусі, гэта прэм’ер-міністр і шэраг іншых асоб, якія знаходзяцца пры ўладзе ці не ўваходзяць у праўладныя структуры.

„У Беларусі дастаткова адукаваных людзей, якія маюць досвед кіравання на розных пасадах, дзяржаўных і грамадскіх”, – адзначае старшыня абласной арганізацыі Беларуская сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Маслоўскі:

– Не называю прозвішчы, але думаю такія людзі ў нас у Беларусі ёсць – Беларусь краіна таленавітых людзей. Можа калі б хто адважыўся, то змог бы стаць прэзідэнтам, у тым ліку з дзеючых цяпер кіраўнікоў урада Рэспублікі Беларусь ці з былых кіраўнікоў урада, той самы Сідорскі. З сучасных беларускіх палітыкаў, якія заяўлялі – гэта мог бы быць Уладзімір Някляеў.

Найбольш актыўна на замену Аляксандру Лукашэнку ў інтэрнэце абмяркоўваюць такіх асобаў – як дыпламата, былога міністра культуры Паўла Латушку і дзеючага міністра замежных спраў Уладзіміра Макея.

Беларускае Радыё Рацыя