Ці ёсць перспектывы ва „Усходняга партнёрства”?



Праграма Еўрапейскага Звязу «Усходняе партнёрства», на думку новага міністра замежных спраў Польшчы Вітальда Вашчыкоўскага, пацярпела фіяска, бо ніякіх канкрэтных прапаноў па ўваходжанні краінаў, якія ўключаны ў праграму, у ЕЗ так і не з’явілася. Самі ж краіны разглядаліся толькі ў якасці буфернай зоны паміж Еўропай і Расеяй. Якія перспектывы «Усходняга партнёрства» і з чым звязана крытыка новага кіраўніка польскай дыпламатыі? На гэтыя пытанні адказваюць беларускія палітычныя эксперты.

Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі:

– Пра крызіс “Усходняга партнёрства” і ўвогуле пра крызіс еўрапейскай палітыкі суседства ўжо даўно казалі, дарэчы, нядаўна адбыўся перагляд гэтай канцэпцыі, якая адлюстроўвае момант разгубленасці ЕЗ перад новымі выклікамі. Мы бачым як сёння хваля мігрантаў ставіць пад удар Шэнгенскае пагадненне. Канстатаваць, што не ўсё атрымалася з гэтай праграмай, не азначае “адкрыць Амерыку”. У гэтай рэзкасці новага кіраўніка знешнепалітычнага ведамства ёсць вялікі складнік унутрыпалітычнай барацьбы. Галоўная мішэнь – былы кіраўнік польскай дыпламатыі спадар Сікорскі. Але трэба адзначыць, што менавіта Польшча і Швецыя ў свой час ініцыявалі “Усходняе партнёрства”, але ж у выніку гэта падтрымаў Брусель, і ўсе краіны ЕЗ у выніку зрабілі той ці іншы ўнёсак у гэтую праграму. І калі ўжо казаць пра фіяска, то ўсе нясуць адказнасць за гэтую праграму, а не толькі Сікорскі.

Лёгка кінуць тэзу, што не прапанавалі партнёрства. Але ж Алякасндар Лукашэнка і Уладзімір Макей заўсёды падкрэслівалі, што Беларусь не ставіць мэтай уваход у ЕЗ.

Кіраўнік “Беларускага дома ў Варшаве” Алесь Зарэмбюк:

– Вядома, што ў апошнія гады “Усходняе партнёрства” падзялілі на два кірункі – з аднаго боку выдзялялі Грузію, Малдову, Украіну – краіны, дзе адбываюцца дэмакратычныя змены. І астатнія тры краіны, у якія ўвайшла Беларусь. Вядома, гэтая ініцыятыва была вельмі гучна прадстаўлена, але сур’ёзных стратэгічных праектаў не было. Зараз беларуская ўлада прадстаўляе канкрэтныя лічбы бюджэту, які патрэбны на абсталяванне беларуска-польскіх памежных пунктаў, каб увесці малы памежны рух. У рамках “Усходняга партнёрства” магло быць фінансаванне на такія праекты. Але чамусьці такія рэчы не рэалізоўваліся. Таксама да гэтых краін ставіліся як да буфернай тэрыторыі паміж Расеяй і Усходняй Еўропай і ўвогуле Захадам, гэта агучвалася палітыкамі. Таму заява міністра замежных спраў Польшчы Вітольда Вашчыкоўскага, аналіз сітуацыі і ацэнка дзянняў у рамках “Усходняга партнёрства” абсалютна слушныя і вельмі добра, што Міністэрства замежных спраў Польшчы пасля прыходу новага ўраду разумее гэта. Вельмі добра, што ў выступленні прагучала Беларусь.

Праграма „Усходняе партнёрства” была прынятая Еўразвязам у 2008 годзе для развіцця інтэграцыйных сувязяў ЕЗ з Украінай, Малдовай, Азербайджанам, Арменіяй, Грузіяй і Беларуссю. Аўтарамі праекта з’яўляліся кіраўнікі МЗС Польшчы і Швецыі Радаслаў Сікорскі і Карл Більт.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя