Ці ёсць у апазіцыі рэальны механізм ціску на ўлады?



Апазіцыя надалей не ведае, што рабіць з людзьмі на плошчы, — заўважае палітычны аналітык Павел Усаў. Беларуская апазіцыя заклікае пратэставаць супраць падатку на дармаедства. «Марш абураных беларусаў» сёння пройдзе ў Менску, таксама на 15 сакавіка апазіцыя запрашае выходзіць на «Марш недарамаедаў». Пратэстныя акцыі толькі пакажуць абурэнне беларусаў, апазіцыя не мае рэальных механізмаў ціску на ўлады – кажа палітолаг Павел Усаў.

– Недастакова проста сабараць людзей. Пытанне, што апазіцыя будзе з гэтымі людзьмі рабіць? Яна не ведала што з імі рабіць у 2006 і 2010 гадах падчас выбараў і зараз невядома, што яны будуць рабіць з людзьмі, якія прыйдуць. Ну так, яны пакажуць, што вось, людзі прыйшлі, яны незадаволеныя. А далейшых механізмаў ціску на ўлады ў апазіцыі няма. Гэта будзе сімвалічны крок, часткова гэта піяр-крок, каб паказаць сітуацыю.  

Таксама прадстаўнікі розных апазіцыйных партый збіраюць подпісы за адмену Дэкрэту №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага утрыманства». За месяц пасля пачатку кампаній актывісты дэмакратычных сіл сабралі каля 75 тысяч подпісаў. 

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота tut.by